Штогод – новае прыватнае прадпрыемства

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Дзятлаўскі раён прызнаны лепшым рэгіёнам па Гродзенскай вобласці (з колькасцю насельніцтва да 50 тысяч) для вядзення бізнесу.

Высокую ўзнагароду ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску атрымаў начальнік аддзела эканомікі Дзятлаўскага райвыканкама Алег Урбановіч, які падзяліўся ўражаннямі ад конкурсу.

– Пачынаючы з 2012 года, кожны год пад эгідай Рэспубліканскай Канфедэрацыі прадпрымальніцтва выбіраюць лепшыя гарады, раёны і вобласці для вядзення бізнесу. Дзятлаўшчына ўдзельнічае ў спаборніцтве з 2016 года. Дагэтуль мы мелі ў сваёй конкурснай скарбонцы Падзячны ліст канфедэрацыі, да якога сёлета далучыўся дыплом пераможцы.

– Па якіх крытэрыях вызначалі лепшы рэгіён для бізнесу?

– Пры вызначэнні лепшых улічваліся паказчыкі дзейнасці раёна за 2019 год. Улічвалася колькасць дзеючых суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (прырост за год склаў 4,7 %), удзельная вага падаткаў у бюджэт ад малога і сярэдняга бізнесу (у нашым раёне гэта практычна 65 %), створаныя новыя працоўныя месцы. Таксама бралася ва ўвагу наяўнасць суб’ектаў падтрымкі бізнесу. У раёне працуе цэнтр па падтрымцы прадпрымальніцтва на базе ТАА “Ростра”, на платформе райвыканкама рэгулярна збіраецца савет па развіцці прадпрымальніцтва, 90 % удзельнікаў якога складаюць прадстаўнікі бізнесу, астатнюю долю – чыноўнікі.

– Дзе знайсці падтрымку пачынаючым прадпрымальнікам?

– Упраўленне па працы штогод падтрымлівае пачынаючых прадпрымальнікаў, якія прадстаўляюць камісіі бізнес-план свайго пачынання, ільготнымі субсідыямі. Таксама дзяржавай прадугледжаны шэраг падатковых і іншых ільготаў для розных катэгорый прадпрымальнікаў. Са свайго боку, мы спрыяем таму, каб новыя праекты прадпрымальнікаў патрапілі ў інвестыцыйныя каталогі і праграмы вобласці. Акрамя таго, на сайце райвыканкама ў раздзеле “Эканоміка” прадстаўнікі прыватнага бізнесу змогуць знайсці карысную інфармацыю і нарматыўныя дакументы.

– Кім сёння прадстаўлены прыватны сектар эканомікі раёна?

– На Дзятлаўшчыне працуюць ТАА “Ізакам” і “Ізакам-Пласт”, якія сёння ні ў чым не саступаюць дзяржаўным прадпрыемствам, вядомыя ў Беларусі і за яе межамі санаторыі “Радон” і “Альфа Радон” таксама адносяцца да сферы прыватнага бізнесу. Уносяць важкі ўклад у эканамічнае развіццё рэгіёна (а гэта падаткі, стварэнне новых працоўных месцаў) такія прыватныя прадпрыемствы, як “Белтэрміз”, “Чатыры сонцы”, “Суперпак Інвест”. Варта ўзгадаць станоўчы вопыт стварэння ТАА “Белсалес” з удзелам польскага капіталу, якое займаецца вырабам падэшваў для абутку, стабільна працуе ўжо не адзін год.

– У якой дзейнасці найчасцей спрабуюць сябе прыватныя прадпрымальнікі?

– У раёне па стане на 1 красавіка налічваецца 140 суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і 432 індывідуальныя прадпрымальнікі. Прадстаўлены абсалютна розныя сферы бізнесу: гандаль, бытавыя паслугі, тэхнічнае абслугоўванне аўтамабіляў, будаўніцтва, агратурызм. Ёсць нават пчаляры і ўладальнікі інтэрнэт-магазінаў. Некаторыя дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы заняліся вытворчасцю вулляў і шпакоўняў: сёння гэта запатрабаваная экспартаарыентаваная прадукцыя.

– Які ваш прагноз развіцця бізнесу на Дзятлаўшчыне?

– Перспектывы дастаткова аптымістычныя. У нашым раёне назіраецца пастаянны прырост суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу: практычна штогод у раёне з’яўляецца новае прыватнае прамысловае прадпрыемства, а мы па магчымасці дапамагаем гэтаму. Мясцовыя прадпрымальнікі высокаініцыятыўныя. Прыемна і прэстыжна, што нас выдзелілі на ўзроўні рэспублікі як рэгіён, спрыяльны для бізнесу. Гэта плён агульнай працы прадпрымальнікаў раёна і дзяржаўных органаў. Хачу выказаць словы ўдзячнасці прадстаўнікам прыватнага сектара эканомікі за пастаяннае эфектыўнае супрацоўніцтва.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga