Утраіх – у першы клас

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

У 2019 годзе першы раз у першы клас на Дзятлаўшчыне ідуць 207 вучняў.

Што б ні казалі скептыкі, а Дзень ведаў у Беларусі – сапраўднае свята. Апранутыя ў новенькую форму школьнікі з кветкамі, усхвалявана-радасныя настаўнікі, вакол якіх сабраліся іх дзеці і нават школа, якая зноў зазвінела на сотні дзіцячых галасоў – усё ў гэты дзень урачыста. Галоўныя героі гэтага свята – першакласнікі, якія ўпершыню пераступаюць школьны парог.

І зусім асаблівым першы школьны дзень стане для сям’і Барысевіч з Круцілавічаў. Сёлета ў іх ажно тры школьнікі – і ўсе першакласнікі. Яны разам нарадзіліся, раслі, хадзілі ў мясцовы садок і разам будуць спасцігаць свет ведаў.

Трайняты Ангеліна, Аляксандра і Арсеній і знешне, і па характары не падобныя адзін на аднаго. Нават школьную форму мама Лілія Віктараўна для іх выбірала розную. Маўляў, кожны з першакласнікаў – індывідуальнасць. Калі Сашка – маміна памочніца, спакойная па характары, не па ўзросце сур’ёзная, то Ангеліна больш рухавая, задорная, вельмі любіць весяліцца і пазіраваць на фота. Арсеній з дзяцінства імкнецца быць падобным на тату-вадзіцеля: не любіць гуляцца ў цацачныя машынкі, але цікавіцца сапраўднай тэхнікай.

Па словах мамы Ліліі Барысевіч, з самага маленства дзеці ўсё рабілі разам – спалі, елі, гуляліся ў цацкі. Нягледзячы, што розныя, але вельмі дружныя. Жанчына спадзяецца, што гэта дапаможа дзецям і ў школе, і ў далейшым жыцці. А ўрокі рабіць – таксама будуць гуртам.

На пытанне, чаго б пажадала сваім дзеткам, Лілія Віктараўна ўпэўнена адказвае:

– Каб выраслі дастойнымі людзьмі і былі шчаслівыя.

Наталля АВЯРЧУК