Пасяўныя работы на палях КСУП “Хвінявічы”

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Пра першыя пасяўныя работы на палях КСУП “Хвінявічы” і працу механізатараў расказаў галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Карыба:

– Увесь сакавік тэхніка чакала свайго часу на мехдвары. Спрыяльнае надвор’е ў перадпасяўныя дні матывавала на плённую працу. Сёлета мы плануем засеяць 48 гектараў аўсом, 325 – яравым ячменем, 150 – пшаніцай. Рабочы дзень у механізатараў цяпер працягваецца дванаццаць гадзін. Для самых працавітых і выніковых прадугледжаны дадатковыя выплаты. Умовы прэміравання для кожнага віду сельскагаспадарчых работ розныя. Харчаванне два разы на дзень: са сталовай аграгарадка прывозяць абед і падвячорак. Каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў, з механізатарамі праводзяцца заняткі па ахове працы.

Падрыхтоўкай глебы да сяўбы ранніх яравых культур займаліся механізатары Ігар Гурноўскі і Валерый Кашчык, якія ўносілі цвёрдыя мінеральныя ўгнаенні.

Пасля чаго культывацыю пачалі Анатоль Марук і Андрэй Клюкач.

У сяўбе аўса прымалі ўдзел механізатар Анатоль Лаўнік і аграном-аграхімік Артур Хартановіч, які правяраў глыбіню закладкі насення.

Анатоль Лаўнік працуе ў КСУП “Хвінявічы” ўжо 45 гадоў, 16 з якіх на трактары МТЗ-2225. Вопытны механізатар выконвае розныя віды сельскагаспадарчых работ: сяўба, уборка ўраджаю, ворыва і іншыя. Артур Хартановіч толькі трэці год працуе ў гаспадарцы. Пасля заканчэння Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа юнака размеркавалі ў КСУП “Хвінявічы”. Калі падышоў да канца тэрмін абавязковай адпрацоўкі, ён застаўся ў гаспадарцы. Займаецца пратручваннем збожжа, сяўбой, падкормкай глебы цвёрдымі і вадкімі мінеральнымі ўгнаеннямі.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ