На планёрцы ў старшыні райвыканкама

Важнае Улада

Аб асноўных мерапрыемствах мінулага тыдня, пажарнай і дарожнай бяспецы, ачыстцы тэрыторый ад снегу, кантролі своечасовай выплаты заработных плат і многім іншым ішла размова на планёрцы ў старшыні райвыканкама ў мінулы панядзелак.

VI Усебеларускі народны сход. Што важна для нас?

Дэлегацыя нашага раёна прыняла ўдзел у гэтым гістарычным мерапрыемстве. Старшыня райвыканкама адзначыў, што шмат было зазначана Прэзідэнтам па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, у тым ліку малых рэгіенаў, да якіх адносіцца і Дзятлаўшчына.

– Эканоміка раёна – рухавік, без якога немагчыма развіццё, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі. – Сёння перад намі стаяць задачы імпартазамяшчэння, інавацый, адкрыцця новых вытворчасцяў. І ў нашым раёне ўсё гэта ёсць: ільнозавод, філіялы крухмальнага і сыраробнага заводаў, прадпрыемства “Алгонь” – важна толькі падтрымліваць аб’ёмы перапрацоўкі мясцовай сыравіны, выкарыстоўваць вытворчыя рэзервы. Для камфортнага жыцця людзей будуецца 72-кватэрны дом у Дзятлаве, плануецца выраб праектна-каштарыснай дакументацыі па рэканструкцыі нежылога будынка па вуліцы Леніна ў гарпасёлку Казлоўшчына пад шматкватэрны дом камерцыйнага выкарыстання. У бліжэйшы час нам неабходна надаць увагу гарпасёлку Наваельня.

Расчысцім снег разам

Спецтэхніка камунальнай службы штодзённа працуе над ачысткай дарог і тратуараў ад снегу. У мінулы чацвер у арганізацыях і на прадпрыемствах раёна сіламі работнікаў праведзена ачыстка тэрыторый і дахаў будынкаў ад снегу і ледзякоў.

– Але іншая дапамога сёння проста неабходная, – адзначыў старшыня райвыканкама. – Самы час падключыцца да добрай справы кожнаму жыхару Дзятлаўшчыны.

І зноў камусьці перашкодзіў плот

Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль у дакладзе падрабязней спыніўся на здарэнні, якое адбылося ў мінулыя выхадныя на вуліцы Кірава ў Дзятлаве. Зноў невядомыя пашкодзілі чатыры секцыі бетоннага плоту. Вядуцца следчыя дзеянні. Акрамя таго, былі ўзняты пытанні па гібелі ў раёне двух чалавек працаздольнага ўзросту.

Аб’екты нерухомасці

Калі пытанне невыкарыстоўваемых аб’ектаў нерухомасці, а іх сёння на Дзятлаўшчыне 15, – гэта не самая прыемная тэма, то ўвядзенне ў эксплуатацыю арэнднага жылля (рэканструяванага старога будынка былога інтэрната МПМК-147) і ўручэнне навасёлам ключоў і пакетаў дакументаў на кватэры стала адной з самых пазітыўных падзей мінулых выхадных, што таксама абмяркоўвалася на планёрцы.

Сельская гаспадарка

Старшыня райвыканкама ўзняў традыцыйнае пытанне па вытворчасці малака, бо менавіта яго рэалізацыя з’яўляецца асноўнай крыніцай фінансавых паступленняў у гаспадарках раёна. На кантролі Андрэй Садоўскі трымае пытанне памеру і своечасовасці выплаты заработнай платы.

Яшчэ на планёрцы абмяркоўваліся тэмы падтрымкі і ўвагі адоранай моладзі, закупкі спецтэхнікі для РУП ЖКГ, планы раённых мерапрыемстваў, работа аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Таксама Андрэй Уладзіміравіч выказаў вялікую ўдзячнасць усім жыхарам раёна, якія прынялі ўдзел у “Дзятлаўскай лыжні 2021”.

Ірына КАМАРОВА



Теги: