Рыхтуемся да Усебеларускага сходу. Вадзім Бялятка: “Дзякуючы дзяржпраграме, Казлоўшчына змяніла свой выгляд” (+відэа)

Галоўнае Грамадства

Старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка ад Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў выбраны дэлегатам на VІ Усебаларускі народны сход.

Вадзім Аляксандравіч расказаў аб тым, што зроблена ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына за 2020 год і чаго ён чакае ад усерэспубліканскага форуму.

– У 2020 годзе наш гарадскі пасёлак быў уключаны ў дзяржаўную праграму па комплексным добраўпарадкаванні і развіцці. Фактычна адразу ж пачаўся выраб праектна-каштарыснай дакументацыі, і ўжо ў першым паўгоддзі стартавалі работы на аб’ектах, унесеных у праграму. Важным для пасёлка было комплекснае добраўпарадкаванне дваравых тэрыторый шматкватэрных дамоў па вуліцах Савецкай і Леніна, якое фактычна ахоплівае ўвесь наш мікрараён шматпавярховых забудоваў. Тут пакладзены асфальт, тратуары з бетоннай пліткі, зроблены газоны, праведзена азеляненне, уладкаваны дзіцячая пляцоўка, пляцоўка для збору смецця і іншае. Двары памянялі сваё аблічча, што было вельмі станоўча ўспрынята жыхарамі пасёлка. Плюс да ўсяго, былі пастаўлены прыгожыя ліхтары, вечарам тут прыемна гуляць, ёсць што паказаць гасцям.

Гэта быў не адзіны аб’ект дзяржпраграмы. Таксама ажыццяўляецца капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі актавай і спартыўнай залаў Казлоўшчынскай сярэдняй школы. Зазначу, што наша пасялковая школа, я ўпэўнены, не саступае многім гарадскім школам краіны: прасторная, адноўленая, дзе ўсё зроблена літаральна з нуля пасля пераезду ў будынак былога ліцэя. У дзяржпраграму таксама ўвайшоў бягучы рамонт школьнага стадыёна: пакладзена новае асфальта-бетоннае пакрыццё на бегавой дарожцы, мяккае гумовае пакрыццё – на стометроўцы, валейбольнай, баскетбольнай пляцоўках. Лічу, што для нашых дзяцей і педагогаў створаны дастойныя ўмовы навучання і працы.

Не менш важным было ўладкаванне пешаходных дарожак па вуліцах Леніна, Савецкай, Шашэйнай, што дазволіла максімальна абараніць пешаходаў. Асабліва гэта актуальна на вуліцы Леніна, дзе пешаходная дарожка вядзе да бальніцы. На ёй з’явілася адпаведная разметка, знакі, што ў разы павысіла бяспеку дарожнага руху.

Пакладзены тратуар і з’явілася агароджа каля возера па вуліцы Чырвонаармейскай, уладкаваны новы павільён аўтобуснага прыпынку, паркоўка, таму людзі маюць магчымасць бяспечна выйсці з аўтобуса, не асцерагаючыся трапіць пад машыну.

Яшчэ адзін са знакавых аб’ектаў пасёлка – былы будынак школы, куды пераведзены мясцовы Дом культуры, музычная школа, плануецца перавесці бібліятэку. Аб’ект таксама трапіў у дзяржпраграму, тут ажыццяўляецца капітальны рамонт даху, рамонт фасада з элементамі мадэрнізацыі. Адрамантаваны і пад’езд да Дома культуры. Гэта завулак Школьны, дзе заменена дарожнае пакрыццё, пакладзены тратуар. Таксама там закладзены вялікі сквер, высаджана каля двух соцен дрэўцаў, а ўсяго ў пасёлку іх пасаджана значна больш.

Актыўна ў добраўпарадкаванне ўключыліся дзятлаўскія дарожнікі: заасфальтаваны ўчастак дарогі працягласцю каля пяці кіламетраў ад Казлоўшчыны да вёскі Колкі. Плануецца заасфальтаваць гэту дарогу да Раготна, тады атрымаем камфортны ўчастак з асфальтавым пакрыццём ад Казлоўшчыны праз Раготна і Дварэц да Наваельні.

Сёння жыхары Казлоўшчыны і нашага сельсавета вельмі рады што пасёлак увайшоў у дзяржпраграму. Дзякуем за гэта раённаму і абласному кіраўніцтву, а таксама Прэзідэнту, які даў старт такой праграме.

Калі казаць пра сродкі, патрачаныя на добраўпарадкаванне, то на канец 2020 года сума склала 2,6 мільёна рублёў. Гэта грошы абласнога, раённага, рэспубліканскага бюджэтаў, у тым ліку асабістыя сродкі арганізацый, такіх як электрасеткі, участак газазабеспячэння, якія актыўна ўдзельнічалі ў праекце. На некалькіх вуліцах пасёлка поўнасцю заменены лініі электраперадач з устаноўкай новых апор, пракладкай ізаляванага кабелю.

Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства ажыццявіў рамонт фасадаў падведамасных магазінаў, якія працуюць у пасёлку. Дзятлаўская цэнтральная раённая бальніца выканала бягучы рамонт і афарбоўку фундамента і даху будынка Казлоўшчынскай гарпасялковай бальніцы, таксама вакол яе была адрамантавана і пафарбавана агароджа, на прылеглай тэрыторыі знесены старыя пабудовы.

Вялікай у ажыццяўленні праекта была роля Дзятлаўскага РУП ЖКГ: з’яўляючыся заказчыкам, камунгас і сам прымаў актыўны ўдзел у работах, што дазволіла знізіць сабекошт аб’ектаў. Неаднаразова калектыў ЖКГ на чале з дырэктарам Сяргеем Лунёй выходзіў на суботнікі ў нашым пасёлку. Дапамагаць прыходзілі і самі жыхары Казлоўшчыны: раўнялі газоны, падмяталі дарожкі, прыбіралі смецце. Я шчыра ўдзячны ўсім, хто на працягу года дапамагаў і працаваў, каб наш пасёлак стаў прыгожым і прывабным для жыцця.

Ёсць у Казлоўшчыны і новыя планы: ужо гатова праектна-каштарысная дакументацыя, яна прайшла экспертызу і хутка павінна пацвердзіцца фінансаванне на рэканструкцыю былога інтэрната ліцэя пад 35-кватэрны жылы дом камерцыйнага і сацыяльнага жылога фонду. Гэта дазволіць маладым спецыялістам, якія ў нас працуюць, атрымаць кватэры, застацца жыць у пасёлку, а моладзь – гэта наша будучыня.

Што тычыцца VІ Усебеларускага народнага сходу, то ад яго я чакаю прыняцця рашэнняў для павелічэння ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання. Чаго хацелася б? Безумоўна, дэпутаты – гэта абраннікі народа, яны павінны ўвасабляць ідэі людзей у жыццё. А для гэтага трэба пашырыць паўнамоцтвы сельскіх саветаў, нават у плане размеркавання бюджэтных сродкаў. Упэўнены, што неабходна павышаць ролю вулічных камітэтаў, а таксама вясковых старастаў. Гэтыя людзі павінны разумець сваю значнасць і атрымліваць не толькі маральнае задавальненне, але і матэрыяльнае забеспячэнне ад сваёй работы.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

 



Теги: