На Дзятлаўшчыне прайшло асабістае першынство раёна па шашках сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі, прымеркаванае да Дня інвалідаў.
У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй спаборніцтвы ладзіліся ў некалькі этапаў і праходзілі на працягу трох дзён.
У сераду за шашачнымі дошкамі сустрэліся аматары гульні з аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. У чацвер спаборнічалі шашысты раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў. У пятніцу пераможцы папярэдніх гульняў згулялі ў фінале, каб вызначыць тройку лепшых. У гэты ж дзень былі падведзены вынікі шашачных баталій паміж асаблівымі людзьмі раёна і ўручаны заслужаныя ўзнагароды.
Павіншаваў лепшых шашыстаў інструктар-метадыст Дзятлаўскага фізкультурна-спартыўнага клуба, ён жа галоўны суддзя першынства Аляксандр Белавус.
Дыпломам за трэцяе месца Дзятлаўскага раённага ФСК адзначаны Дзмітрый Абярухцін.
Дыплом другой ступені атрымаў Максім Радзюк.
Пераможцай першынства раёна па шашках сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі стала Таццяна Валчкевіч. Яна адзначана адпаведным дыпломам і грашовай прэміяй у памеры 25 рублёў ад Дзятлаўскага раённага ФСК.
Таццяна расказала, што гэта не першая яе шашачная перамога. Раней яна ўжо выйгравала нават у міжраённым першынстве, таму і на гэты раз спадзявалася, што ўвойдзе ў тройку лідараў.
Гульня ў шашкі даўно стала любімым захапленнем Таццяны Валчкевіч, у вольны час яна стараецца трэніравацца на тэлефоне або камп’ютары.
Ірына КАЎКЕЛЬ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup