У жыцці кожнага чалавека ёсць такі перыяд, калі хочацца яшчэ раз успомніць і нагадаць сабе аб тым, што пражыў нездарма.
Пачуццё абавязку, любоў да сваіх родных мясцін, да Радзімы – гэта самыя пранікнёныя пачуцці таго, хто лічыць сябе грамадзянінам краіны, у якой ён жыве.
На свеце шмат прафесій, якія выбірае сам чалавек або выбраць іх прымушаюць жыццёвыя абставіны. Зусім мірную прафесію выбраў Аляксандр Іосіфавіч Трахімовіч. Цяпер ён жыве ў вёсцы Сачыўляны Вензавецкага сельсавета і працуе ў КСУП “Вензавец” на пасадзе тэхніка-асемянатара.
Аляксандр Трахімовіч нарадзіўся 17 лютага 1964 года ў вёсцы Сцяткоўшчына былога Гярбелевіцкага сельскага савета ў простай сялянскай сям’і. Бацькі працавалі ў сельскай гаспадарцы. Пасля заканчэння Раготнаўскай школы хлопец вучыўся ў Ваўкавыскім сельгастэхнікуме па спецыяльнасці “Ветэрынарны доктар”.
У 1982 годзе быў прызваны ў рады Савецкай арміі. Пад сцягам войск СССР прыняў прысягу і быў накіраваны на службу ва Узбекістан. Там, пасля праходжання спецыяльнай воінскай падрыхтоўкі, зразумеў, што будзе накіраваны ў Дэмакратычную Рэспубліку Афганістан, дзе з 1979 года савецкія салдаты аказвалі інтэрнацыянальную дапамогу народу гэтай краіны. Атрымаў воінскую спецыяльнасць кулямётчыка і служыў у 122-м мотастралковым палку. Дыслакацыя палка была каля горада Таш-Курган правінцыі Саманган. Так 18-гадовы юнак стаў баявым салдатам, воінам-інтэрнацыяналістам. Два гады вайсковай службы загартавалі характар маладога байца, і Аляксандр даказаў не толькі сабе, але і іншым, што ён верны воінскаму абавязку і служыць Радзіме бездакорна. За час баявой службы прыйшлося ўдзельнічаць у баявых аперацыях па знішчэнні банд варожых фарміраванняў, у суправаджэнні калон з грузам, абароне важных дзяржаўных аб’ектаў ваеннага і грамадзянскага прызначэння. У 1984 годзе Аляксандр Іосіфавіч Трахімовіч дэмабілізаваўся і вярнуўся ў родныя мясціны. Ён узнагароджаны шматлікімі медалямі, сярод якіх “Ветэрану баявых дзеянняў”, “Ад удзячнага афганскага народа”.
Яго сустрэлі родныя і блізкія, сябры і аднавяскоўцы. Цяжка было ўваходзіць у мірнае жыццё, прывыкнуць да цішыні і спакою без разрываў снарадаў, мін і кулямётных чэргаў. Праз некаторы час Аляксандр Іосіфавіч стварыў сваю сям’ю, і праўленне цяпер ужо былога калгаса “Новае жыццё” выдзеліла маладому спецыялісту, воіну-афганцу асобны новы добраўпарадкаваны дом у вёсцы Сачыўляны. У сям’і нарадзіліся дачка Алена і сын Аляксандр.
Пасля заканчэння Яварскай сярэдняй школы дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю. Алена вучылася ў Палескім дзяржаўным універсітэце і стала бухгалтарам. Цяпер працуе ў Мінску. Зрабіў свой жыццёвы выбар і Аляксандр. Пасля заканчэння школы ён вырашыў звязаць свой лёс са службай ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь у пагранічных войсках. Для гэтага прачытаў шмат літаратуры, інфармацыі пра пагранічныя войскі ў сродках масавай інфармацыі, уважліва слухаў і аналізаваў расказы аб службе на граніцы былых пагранічнікаў, займаўся фізкультурай і спортам. У 2014 годзе ён паступіў у Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Пасля заканчэння вучобы летам 2018 года ў званні лейтэнанта быў накіраваны на першае месца службы – пагранічную заставу “Галынка” ў Бераставіцкім раёне на беларуска-польскай граніцы.
Быў прызначаны на пасаду намесніка начальніка пагранічнай заставы. Затым адбыўся перавод на пагранічную заставу “Тушэмля” ў якасці часова выконваючага абавязкі начальніка заставы. Цяпер старшы лейтэнант пагранічных войск Рэспублікі Беларусь Аляксандр Аляксандравіч Трахімовіч, сын баявога кулямётчыка і воіна-афганца, працягвае служыць на карысць сваёй Радзіме на пагранічнай заставе ”Сонічы” беларуска-літоўскай граніцы. Аляксандр лічыць, што абараняць сваю Радзіму – адна з найлепшых прафесій грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup