Калонка рэдактара. Добры дзень!

Важнае Грамадства

21 лістапада штогод адзначаецца Сусветны дзень прывітанняў.

Яго галоўная мэта – звярнуць увагу шырокай грамадскасці на важнасць асабістых зносін для захавання міру. Бо толькі з дапамогай добрых зносін, а не ўжываючы сілу, можна вырашыць практычна любыя канфлікты.

Свята прывітанняў прыдумалі ў 1973 годзе два браты-амерыканцы Майкл і Браен Маккомак у самы разгар халоднай вайны, у адказ на канфлікт паміж Егіптам і Ізраілем. Дзень быў неабходны як знак пратэсту супраць узмацнення міжнароднай напружанасці. Яны адправілі лісты з ветлівымі прывітаннямі ва ўсе канцы свету і прасілі адрасата павітаць яшчэ каго-небудзь. Гэтая ідэя была падтрымана ў больш чым 180 краінах.

З самых старажытных часоў людзі пры сустрэчы казалі: “Добры дзень”, сяброўскае “Прывітанне”, афіцыйнае “Дазвольце вас павітаць!”. Пажылыя людзі часам кажуць: “Маё шанаванне” і “Добрага вам здароўя”. Прывітанне чалавеку, які працуе – “Бог у дапамогу!”, які прыйшоў – “Сардэчна запрашаем!”, “Добрай раніцы”, “Добры дзень”. Але гэта толькі формулы ветлівасці ці мы ўкладваем у гэтыя словы асаблівы сэнс? Бываюць сітуацыі, калі ў адказ на сваё “Добрай раніцы!” пачуем: “Не такая яна ўжо сёння добрая”. Але наша прывітанне якраз-такі і было накіравана на пажаданне добрай раніцы. Раніцай прынята адзначаць пачатак зносін, асабліва са знаёмымі, калегамі па працы. Так мы настройваем сябе на эфектыўны і плённы дзень і жадаем гэтага ўсім.

Якую б формулу прывітання мы не выбралі, любая з іх адыгрывае вялікую ролю ў нашых зносінах. Вітаючыся са знаёмымі, мы пацвярджаем гэтым сваё знаёмства і выказваем жаданне працягваць яго. Нас турбуе, калі добры знаёмы, праходзячы міма, толькі злёгку ківае галавой або зусім не заўважае нас, бо перастаць вітацца азначае перапыніць добрыя адносіны, спыніць знаёмства! І наадварот: вітаючыся з чалавекам, з якім мы раней не размаўлялі, мы выказваем добразычлівае да яго стаўленне і намер уступіць у кантакт. Таму, уваходзячы ва ўстанову, спачатку вітаемся, а ўжо потым пачынаем выкладаць сваю справу.

У нашай краіне існуе старая вясковая традыцыя вітацца з усімі, хто ідзе насустрач, нават з незнаёмымі. І гэта таксама знак павагі і прыхільнасці да людзей.

Дык давайце ж па традыцыі падорым у гэты дзень усім навакольным людзям цёплую ўсмешку, ласкавы погляд, радаснае “Прывітанне!”. Ідучы па вуліцы, вітайце прахожых і суседзяў, проста ўсміхнуўшыся.

Патэлефануйце, напішыце ліст з ветлівымі прывітаннямі! Жадайце здароўя, поспехаў, удачы і проста дабра.

Бо калі людзі ўсміхаюцца, значыць, яны шчаслівыя. Дык няхай увесь свет ад нашых усмешак стане больш светлы, добры і радасны!

Наталля КАЛОДКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup