Віншаванні для ветэранаў Дзятлаўшчыны

Важнае Да ведама грамадзян

Дзятлаўшчына прымае ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае. Салдаты Перамогі”.

У рамках акцыі ўсе ветэраны Вялікай Айчыннай вайны нашага раёна атрымаюць незвычайныя падарункі, якія, спадзяёмся, напоўняць іх цёплымі ўспамінамі і нагадаюць, што наша пакаленне з павагай і пашанай адносіцца да подзвігаў і мужнасці дзядоў і прадзедаў і дзякуе ім за мірнае неба над галавой.

– Калі вырашалася пытанне, якім павінен быць падарунак для ветэрана да 75-годдзя Вялікай Перамогі, было прынята рашэнне сабраць франтавыя пасылкі, – расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Калодка. – Куды паклалі падарункі ад арганізацый, дзе раней працавалі ветэраны, грамадскіх аб’яднанняў. Там жа ветэраны знойдуць пісьмы-трохкутнікі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, паштоўкі-віншаванні з Днём Перамогі ад Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і абласнога Савета дэпутатаў, Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, “Пісьмо пераможцу”, адрасаванае раённым камітэтам ГА “БРСМ” і моладдзю Дзятлаўшчыны, там жа будуць адцыфраваныя малюнкі-паштоўкі, створаныя навучэнцамі дзіцячых школаў мастацтваў раёна.

Падарункі стылізваны ў выглядзе франтавых пасылак з паштовым адрасам і плакатам – “75 мірных гадоў”, за якія мы ўдзячны Ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, таму што сёння можам спакойна жыць, працаваць, выхоўваць дзяцей, рабіць усё для таго, каб мірная Беларусь магла развівацца і квітнець.

Франтавыя пасылкі, а разам з імі “салодкія” букеты ад работнікаў культуры атрымаюць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны: Марыя Пятроўна Глебава, Ганна Кузьмінічна Робата, Марыя Якаўлеўна Цімафейчык, Фёдар Васільевіч Шалесны, Аляксандр Юльянавіч Лях.

Аб падарунках, якія знаходзяцца ў пасылках, паклапаціліся раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын”, ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, ААТ “Граніт-Агра”, Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства, прафсаюзныя арганізацыі.

У час рэалізацыі праекта пасылкі ў святочнай творчай форме будуць уручаны ветэранам. У віншавальных мерапрыемствах прымуць удзел органы мясцовай выканаўчай улады, моладзь, педагогі і школьнікі, работнікі культуры, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый.

Ірына СТЫРНІК



Теги: