Захаваць тое, што напрацавана

Культура і адпачынак Свежыя навіны

Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнтка газеты “Перамога” сустрэлася з намеснікам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Васілём Шыцько, які ўсё жыццё прысвяціў рабоце на “культурнай ніве”.

– Васіль Васільевіч, што ўяўляе сабой культура Дзятлаўшчыны сёння?

На сённяшні дзень галіна культуры ўключае ў сябе 11 установаў клубнага тыпу, 12 бібліятэк, 2 школы мастацтваў і музей. У ёй працуюць 170 чалавек розных спецыяльнасцяў, 16 калектываў маюць званне народны і ўзорны.

– Якую галоўную задачу вы ставіце перад сабой як кіраўнік гэтай галіны?

Галоўная задача, у першую чаргу, – захаваць тое, што напрацавана гадамі. Гэта датычыцца і работы народных калектываў – паляпшэнне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы (набыццё касцюмаў, інструментаў). Раённы выканаўчы камітэт падтрымлівае нас у гэтым, выдзяляюцца сродкі. Праводзіцца рамонт залы ў Дварэцкім доме культуры, рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя для Казлоўшчынскага дома культуры, плануецца добраўпарадкаванне тэрыторыі Новаяльнянскага дома культуры, ёсць спадзяванне прадоўжыць капітальны рамонт Вензавецкага дома культуры.

– Чым ганарыцеся?

Ганаруся тым, што нашы самабытныя фальклорныя калектывы  пакінулі след у гісторыі. Ахонаўскі – запісаў і праводзіць абрад “Юр’я”, які занесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, песенныя і танцавальныя запісы погірскай кадрылі – у анталогіі беларускага фальклору Акадэміі навук, а дзякуючы студзераўшчынскаму калектыву, у Дварэцкім доме культуры знаходзіцца этнаграфічная экспазіцыя беларускага селяніна, дзе большасць экспанатаў са Студзераўшчыны. Нават манеру выканання песень гэтага калектыву пераняла казлоўшчынская “Зараначка”. Наш гонар і Новаяльнянскі духавы аркестр, і тэатр роставых лялек “Лялькі для ўсіх”. Дзятлаўскія калектывы запрашаюць на фестывалі за межы вобласці, гэта гаворыць аб тым, што іх ведаюць.

Самыя тытулаваныя песенныя калектывы – тры фальклорныя, пра якія я гаварыў, і народны хор “Ветэраны ў страі”. Ініцыятарам яго стварэння была ветэран вайны Марыя Васільеўна Ілюшэнка. Яны ўсе практычна ствараліся ў адзін час, у сярэдзіне васьмідзясятых.

– Як складаюцца справы ў сельскай мясцовасці?

Пра вёску мы не забываем. У аграгарадках прадаўжаем праект “Дбайных людзей славім, весела час бавім”. Сектар пазастацыянарнага абслугоўвання працуе вельмі эфектыўна. Яны выязджаюць з канцэртамі і віншаваннямі ў аддаленыя вёскі нашага раёна.

– Вашы планы на будучыню.

Вельмі хацелася б пашырыць “Зецельскі фэст” да міжрэгіянальнага, каб прадстаўнікі сем’яў на фэсце былі не толькі з нашага раёна, але і з іншых. Таксама прыкладзём максімум намаганняў, каб удзельнікаў фестывалю роставых лялек, які праводзіцца раз у два гады, было больш.

– Як ставяцца вашы родныя да таго, што ў святы і выхадныя вы – на працы?

Цярпліва, спакойна. Прывыклі.

– Васіль Васільевіч, што б вы напярэдадні прафесійнага свята пажадалі калегам па “цэху”?

– Па-першае, хочацца сказаць дзякуй усім, хто працуе побач, хто падтрымлівае культуру. Жадаю аптымізму, і, як кажуць на Беларусі, – ад Бога здароўя, ад сонейка цяпла, а ад людзей – толькі дабра.

Вольга ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup