Камітэтам дзяржкантролю вобласці праведзены аналіз зваротаў, якія паступаюць.
Ён паказаў, што каля 30 % зваротаў датычацца тэматыкі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Грамадзяне звяртаюць увагу на неналежны стан пад’ездаў, няякасную ўборку месцаў агульнага карыстання і прыдамавой тэрыторыі. Асобныя звяртаюцца па растлумачэнне парадку налічэння плацяжоў за жыллёва-камунальныя паслугі.
Напярэдадні пачатку ацяпляльнага сезона ў Камітэт вобласці паступалі звароты грамадзян з просьбай аказаць садзейнічанне ў больш хуткім завяршэнні работ па замене цеплавых сетак.
Паступаюць звароты грамадзян па пытаннях правядзення капітальнага і бягучага рамонту жыллёвага фонду. Заяўнікі скардзяцца на зацягванне тэрмінаў выканання работ па капітальным рамонце жылых дамоў, няякаснае выкананне гэтых работ.
Асобныя грамадзяне звярталіся па пытаннях водазабеспячэння, забеспячэння пітной вадой належнай якасці. За 9 месяцаў бягучага года пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю 29 станцый абезжалезвання (на год запланавана 45). Нявырашанай застаецца праблема па забеспячэнні вадой пітной якасці населеных пунктаў з колькасцю менш за 100 чалавек, дзе эканамічна немэтазгодна будаўніцтва станцый абезжалезвання. Акрамя таго, праблемным пытаннем з’яўляецца зношанасць сетак водазабеспячэння, перавышэнне іх нарматыўных тэрмінаў эксплуатацыі.
Паступалі звароты ад жыхароў шэрагу вёсак Воранаўскага, Дзятлаўскага і Навагрудскага раёнаў, у калодзежах якіх “знікла” вада (цэнтральнае водазабеспячэнне адсутнічае). Асноўнай з магчымых прычын з’яўляецца змяненне кліматычных умоваў (адсутнасць значнага снежнага покрыва ў зімовы час, памяншэнне колькасці выпадзення ападкаў і анамальнае павышэнне тэмпературы паветра ў летні перыяд). Як варыянт вырашэння пытання – бурэнне свідравін.
Значным і хвалюючым грамадзян, асабліва якія жывуць на апошніх паверхах шматпавярховак, пытаннем з’яўляецца своечасовае выкананне работ па замене ліфтаў. Шматлікія і звароты па пытаннях добраўпарадкавання вуліц, дваровых тэрыторый і дарог.
Усе гэтыя пытанні знаходзяцца на кантролі ў Камітэце вобласці.
Анатоль ДАРОЖКА,
старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup