Замежныя грамадзяне, якія прыехалі ў Беларусь на кароткі тэрмін і не збіраюцца надоўга заставацца, адносяцца да катэгорыі іншаземцаў, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі краіны.
Згодна з артыкулам 41 Закона ад 4 студзеня 2010 года “Аб прававым стане іншаземных грамадзян і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь”, яны павінны зарэгістравацца па месцы фактычнага часовага знаходжання на працягу 10 сутак у органе рэгістрацыі.
Электронная рэгістрацыя ажыццяўляецца на адзіным партале электронных паслугаў (portal.gov.by) бясплатна. Яна даступна іншаземцам, якія заехалі ў Беларусь у пунктах пропуску праз Дзяржаўную мяжу, але гэта не тычыцца тых, хто прыбыў з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі: яны павінны звяртацца ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі па месцы часовага знаходжання. Такім жа чынам давядзецца дзейнічаць тым, хто захоча падоўжыць электронную рэгістрацыю.
Рэспублікай Беларусь падпісаны пагадненні з Украінай – да 30 дзён знаходжання грамадзян без рэгістрацыі; Латвіяй, Літвой, Эстоніяй, Казахстанам, Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, Расіяй – да 90 дзён без рэгістрацыі.
Іншаземцы, якія часова знаходзяцца ў Беларусі, павінны жыць толькі па месцы часовай рэгістрацыі (выключэнне – турысты з праграмай тура вандровак). Калі яны мяняюць месца жыхарства – у трохдзённы тэрмін павінны ажыццявіць рэгістрацыю па новым адрасе. Для рэгістрацыі патрэбна асабістая прысутнасць замежнага грамадзяніна (гэта не абавязкова дзецям да 14 гадоў).
У выпадку парушэння іншаземцам правілаў знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць (частка 1. артыкула 23.55 КоАП РБ).
Да адміністрацыйнай адказнасці могуць быць прыцягнуты і грамадзяне нашай краіны (частка 3. артыкула 23.55 КоАП РБ), калі запрасілі іншаземца ў госці і не паклапаціліся аб своечасовай яго рэгістрацыі ці выездзе пасля заканчэння тэрміну часовага знаходжання. Адміністрацыйная адказнасць па частцы 4. артыкула 23.55 КоАП РБ выкарыстоўваецца за прадастаўленне жылога памяшкання, транспартнага сродка іншаземцу, які знаходзіцца ў Беларусі з парушэннем правілаў знаходжання і правілаў транзітнага праезду (транзіту), або за выкарыстанне такога іншаземца для ажыццяўлення працоўнай дзейнасці.
Іншаземцам, якія часова знаходзяцца на Дзятлаўшчыне, па афармленне рэгістрацыі трэба звяртацца ў групу па грамадзянстве і міграцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама.
Аляксандр БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup