У Беларусі шмат таленавітых, творчых, неардынарных майстроў і майстрых.
Упэўніцца ў гэтым можна, наведаўшы кірмашы-продажы ў час народных гулянняў.
Пастаянным іх удзельнікам з’яўляецца разам са сваёй сям’ёй Вольга Жыгала – кіраўнік і душа раённага сектара рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
У жніўні скарбонка ўстановы папоўнілася новым конкурсным дыпломам пятага абласнога экалагічнага фестывалю “Гамоняць пушчы беларускія”. Пра ўзнагароду, творчасць, сям’ю і новыя праекты кіраўніца сектара расказала карэспандэнтцы газеты “Перамога”.
– Нядаўна былі ў Свіслачы, наведалі экалагічны фестываль “Гамоняць пушчы беларускія”. Там мы паўдзельнічалі ў конкурсе фотазон з прыроднага матэрыялу “Эка-Арт”. Прыемным сюрпрызам стала тое, што наша кампазіцыя заняла трэцяе месца, хоць усе канкурсанты прадаставілі на конкурс грунтоўныя работы.
– Якую фотазону падрыхтаваў да конкурсу сектар рамёстваў?
– Мы стварылі беларускую сялянскую прызбу. Гэта драўляная сцяна, абвітая вянком з дубовых галінак, папараці і рабінаў, побач з ёй – цюкі саломы, на іх сплецены з асокі посуд, лазовы тын, на якім вісіць сіта, гліняны гляк, а побач стаіць драўлянае карыта і граблі. У цэнтры кампазіцыі – лава, на якой размясціліся лялькі дзеда і бабы ў нацыянальных строях, а пад нагамі – дыванкі ручной работы. Над усёй кампазіцыяй узвышаецца дрэва з бусліным гняздом. Не хапае толькі галоўнага героя фотасесіі.
– Колькі часу спатрэбілася ад ідэі да яе ўвасаблення? Хто займаўся рэалізацыяй праекта?
– Працавалі над фотазонай усім калектывам сектара рамёстваў. Нехта плёў, нехта вязаў, нехта майстраваў. Рэзчык па дрэве Алег Вайчык вырабіў шмат цікавых драўляных дэталяў, у тым ліку, буслоў, якіх я распісала фарбамі, ручнікі беларускім арнаментам вышывала наша супрацоўніца Вольга Барабан. Шмат у чым, як і заўжды, мне дапамагаў муж Дзмітрый. Ён, напрыклад, зрабіў спілы для драўлянага пано, дапамагаў у мантажы і нарыхтоўцы матэрыялу.
– Як ацанілі вашу фотазону госці і ўдзельнікі фестывалю?
– Вельмі станоўча! Было шмат жадаючых сфатаграфавацца ў нас. Наша кампазіцыя была напоўнена мноствам каларытных аўтэнтычных дэталяў, людзям было цікава іх паразглядваць, дакрануцца. І, нарэшце, у нас можна было прысесці, што таксама аказалася дарэчы.
– Якія творчыя праекты рэалізуеце ў паўсядзённай працы?
– Сёння дзейнасць сектара рамёстваў вельмі разнастайная. Мы вырабляем хатнікаў-абярэгаў з капрону, заколкі, вясельныя ўпрыгажэнні, фотазоны на вяселле або юбілей, дэкаратыўныя лічбы для дзіцячых фотасесій, роставыя кветкі. Навінкай гэтага года сталі тэкстыльныя лялькі цільды, розныя па выглядзе і характары. Такія лялькі ствараю пераважна на замову, часта просяць нават па фотаздымку зрабіць. Таксама вырабляю цацачную мэблю – маленькія канапы, крэслы. Дарэчы, яны карыстаюцца попытам у дзяўчынак і іх бацькоў.
– Вольга, як вы самі прыйшлі да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва?
– Я выпускніца Мірскага мастацкага вучылішча, па спецыяльнасці рэстаўратар. Калі намалявала сваёй дачцэ малюнак у школу, мяне заўважылі, да мяне звярнулася настаўніца выяўленчага мастацтва. Так прапанавалі паспрабаваць сябе майстрам у сектары рамёстваў у Гезгалах, дзе я працавала каля 15 гадоў, затым узначаліла ўстанову.
– На раённых святах і фестывалях вы заўжды разам, усёй сям’ёй. Муж дапамагае вам у ажыццяўленні творчых праектаў. А дзеці цягнуцца да мастацтва?
– У нашай сям’і ўсе творчыя. Старэйшая дачка дапамагае мне ў стварэнні лялек, вяжа для іх капялюшыкі. Сярэдняя, Насця, перайшла ў восьмы клас. Яна хоча паступаць у Мірскі каледж. Нават маленькі сын Саша будуе свае цацачныя дамы. Кажа, ты, мама, робіш мэблю, а я буду архітэктарам.
– Задаволены трэцім месцам у конкурсе “Эка-Арт”?
– Самы галоўны прыз любога конкурсу – водгук і інтарэс людзей да нашай працы. Сапраўдную асалоду мне, як і любому майстру, прыносіць тое, калі творчыя задумкі ўвасабляюцца ў рэальнасць.
Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара
Фота з уласнага архіва В. Жыгала
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup