Якія накірункі заклікаў развіваць Віктар Пранюк

Важнае Улада

28 ліпеня з рабочым візітам Дзятлаўшчыну наведаў намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Пранюк.

Віктар Францавіч кіруе сацыяльна-культурнай сферай вобласці.

Разам з намеснікам старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігарам Кухарэвічам яны сустрэліся з працоўнымі калектывамі Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея і Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, пагутарылі аб дасягненнях і перспектывах сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці і Дзятлаўшчыны ў прыватнасці, заклікалі прыняць актыўны ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, якія адбудуцца 9 жніўня.

Пачалася размова з ацэнкі работы абласных службаў ва ўмовах пандэміі. Віктар Францавіч шчыра падзякаваў медыкам, якія ўвесь гэты час знаходзіліся на перадавых пазіцыях, змаглі выстаяць і недапусціць не толькі распаўсюджвання інфекцыі, але і панікі сярод насельніцтва. Цяпер з упэўненасцю можна казаць аб зніжэнні колькасці хворых: на Гродзеншчыне фіксуецца 13-15 выпадкаў захворвання за суткі. Бальніцы вяртаюцца да работы ў звычайным рэжыме. У кожным раёне ўжо падзякавалі медыкам, лепшыя з іх па выніках працы ў час пандэміі былі ўзнагароджаны. Праўда, на восень спецыялісты прагназуюць новую хвалю каранавіруса, аднак, па словах Віктара Пранюка, усе мы атрымалі значны вопыт у барацьбе з ім, таму зможам рэагаваць правільна.

Радуе, што, Гродзенскі рэгіён прадаўжае актыўна развівацца: у бальніцы, у тым ліку раённыя, набываецца новае сучаснае медыцынскае абсталяванне. Сярод насельніцтва папулярызуецца здаровы лад жыцця: функцыянуюць спартыўныя клубы і секцыі. Толькі за апошнія паўгода былі адкрыты два новыя спартыўныя цэнтры – у Навагрудку і Астраўцы.

Спыніўся намеснік старшыні аблвыканкама і на будаўніцтве Астравецкай атамнай электрастанцыі.

– Гэта адзін з самых буйных інвестыцыйных праектаў Прынёманскага краю. Калі атамная электрастанцыя запрацуе, то кошт электраэнергіі стане значна таннейшым. Ужо сёння некаторыя гаспадары “пераводзяць” свае дамы з газавага на электрычнае ацяпленне. Гроднаэнерга ўжо занята актыўнай заменай знешніх электрасетак.

Для развіцця Дзятлаўшчыны Віктар Пранюк заклікаў наладжваць супрацоўніцтва з прыватным бізнэсам і турыстычнымі кампаніямі, каб у раён прыязджалі людзі. Захворванне каранавірусам дало штуршок унутранаму турызму. Арганізацыі, якія хутка перастрояцца, змогуць зарабіць грошы. А гэта і музеі, і цэнтры рамёстваў, і гандлёвыя кропкі, і аб’екты грамадскага харчавання. У Дзятлаўшчыны ёсць пэўны вопыт у сферы турыстычных паслугаў. Тут знаходзяцца два выдатныя санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”, якія робяць адчувальны ўнёсак у эканамічнае развіццё рэгіёна. Цяпер задача раённых спецыялістаў – развівацца далей у гэтым кірунку, прывабліваць беларускіх і замежных турыстаў.

Работнікаў культуры і медыкаў Дзятлаўшчыны Віктар Пранюк заклікаў мяняць падыходы ў рабоце на больш сучасныя, развіваць самыя запатрабаваныя ў насельніцтва паслугі.

Намеснік старшыні аблвыканкама паабяцаў, што і ў далейшым будзе прыязджаць на Дзятлаўшчыну, знаёміцца з  праблемамі раёна, каб разам з раённай адміністрацыяй шукаць шляхі вырашэння.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup