Памяць са старонак сямейнага альбома

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Жоўтай стужкай перад машынай уецца лясная дарога, абапал яе, колькі бачыць вока, – дрэвы, мох, ягаднікі, кусты. Здаецца, вандроўцы не будзе канца, але нарэшце наперадзе паказваюцца некалькі хат. Вёска Яцукі з усіх бакоў ахінута лесам, тым не менш, большасць дамоў тут жылыя – вельмі ж палюбіўся дачнікам гэты ціхі куточак Дзятлаўшчыны. На першы погляд здаецца, што час у Яцуках спыніўся: ёсць толькі высокае неба, дрыготкае летняе паветра, напоенае водарам спелых траваў, і зялёная сцяна лесу, якая аддзяляе ўтульныя вясковыя падворкі ад цывілізацыі, ды так надзейна, што нават мабільная сувязь тут не дзейнічае.

На адным з падворкаў нас сустракае Валянціна Буцкевіч.

Наша сустрэча планавалася загадзя: Валянціна Анатольеўна даведалася пра артыкул “Памяць мацнейшая за полымя. Курпешы”, надрукаваны ў газеце “Перамога”, і хоча расказаць гісторыю сваёй сям’і, якой калісьці належаў хутар і цагельны завод у Курпешах, дзе фашысты пры адступленні спалілі вязняў дзятлаўскай турмы.

Гаспадыня грунтоўна падрыхтавалася да сустрэчы: на стале старыя сямейныя альбомы, пажоўклыя газеты, на старонках якіх артыкулы пра родных людзей з іх фотаздымкамі.

Пра публікацыю ў “Перамозе” мне расказала стрыечная сястра Ганна Хамец, якая жыве ў Дзятлаве, – пачынае свой аповед Валянціна Анатольеўна. – Там узгадвалася, што спалены хутар-цагельня належаў майму дзеду Паўлу Мікалаевічу Васюкевічу, але ні слова не было пра тое, што і ён, і бабуля Ганна Іосіфаўна самі былі вязнямі турмы, што фашысты, не дабіўшыся на допытах інфармацыі пра дзейнасць партызан, забілі іх адзінаццацімесячную дачушку Ганначку. Я напісала ўспаміны, якія чула ад сваіх родных пры іх жыцці, пакінула гэты запіс Валянціну Абухаву, а Міхаіл Лук’янчык, даведаўшыся іншыя цікавыя факты з гісторыі маёй сям’і, прапанаваў расказаць іх для раённай газеты. Асобна збіраюся спыніцца на лёсе маёй матулі Яўгеніі Паўлаўны Герус (Васюкевіч), якая першай прыбегла на папялішча, а пасля вайны пражыла актыўнае і цікавае жыццё.

Расплата за маўчанне

Мой дзядуля, Павел Васюкевіч, 1904 года нараджэння, ураджэнец Боцкавічаў. Бабуля Ганна, 1908 года нараджэння, родам з Марозавічаў. У час Вялікай Айчыннай вайны ім належаў хутар-цагельня, і дзед быў пратызанскім сувязным. Па даносе здрадніка дзядулю Паўла арыштавалі. На допытах у дзятлаўскай турме ён захоўваў маўчанне, нягледзячы на пабоі. Спадзеючыся дабіцца свайго, немцы схапілі бабулю Ганну, якой давялося ўзяць з сабой за краты адзінаццацімесячную дачку. Іх сыноў, Жору і Мікалая, прытулілі суседзі, дзесяцігадовая Яўгенія (мая мама) заставалася дома чакаць родных. Бабулю Ганну таксама білі на допытах, але яна не стала здрадніцай. Расплатай за маўчанне паслужыла смерць маленькай Ганначкі, якую забілі проста на руках у маці. Гэтыя падзеі адбываліся летам 1944 года.

Непакоячыся за бацькоў і сястрычку, мая матуля кожны дзень бегала ў Дзятлава, каб хоць што-небудзь пачуць пра іх лёс. Яна не ведала, што Паўлу Васюкевічу разам з іншымі вязнямі яго камеры ўдалося зрабіць падкоп і збегчы ў лес напярэдадні курпешскай трагедыі. У тую ракавую ноч, калі вязняў дзятлаўскай турмы адвозілі ў цагельню, мама засталася начаваць у Дзятлаве. Раніцай вяртаючыся на хутар, яна адчула пах дыму, пачула страляніну, крыкі людзей. Са страху схавалася ў лесе і не выходзіла аж да вечара. Словамі не перадаць жудасны малюнак, што пабачыла дзесяцігадовая дзяўчынка ў цагельні. Успаміны пра трагедыю гарачым болем ляглі на сэрца і хвалявалі матулю на працягу жыцця. Магчыма, гэта зрабіла яе нецярпімым да чужой абыякавасці, нераўнадушным, спагадлівым чалавекам, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Мама заўсёды старалася зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб палепшыць жыццё іншых.

Фота з Коласам і “Жэнькін мост”

Пасля вайны сям’я Васюкевічаў пабудавала дом у Дзятлаве па вуліцы Савецкай. Павел і Ганна выгадавалі чатырох дзяцей: Яўгенію, Георгія, Мікалая, Ілью, яшчэ адзін сын памёр маленькім у 1948 годзе.

Яўгенія, калі вырасла, працавала піянерважатай у Дзятлаўскім дзіцячым доме. У сямейным альбоме беражліва захоўваецца фотаздымак прыкладна 1954 года. На ім Жэня, як прадстаўніца дзятлаўскай моладзі, сфатаграфавана побач з тагачасным дэпутатам Канстанцінам Міцкевічам, які наведваў наш горад. Нам ён больш вядомы як беларускі паэт і пісьменнік Якуб Колас. На жаль, хто іншыя людзі на фотаздымку і аб чым ішла размова з літаратарам-дэпутатам, Валянціна Герус не ведае. Затое расказвае, што актыўная грамадская пазіцыя мамы ў далейшым паспрыяла яшчэ адной знакавай падзеі.

У 1956 годзе Яўгенія Васюкевіч выйшла замуж за Анатоля Васільевіча Геруса, ураджэнца вёскі Ахонава. Маладая сям’я пераехала ў Ліду. Там жанчына шмат гадоў адпрацавала на заводзе электравырабаў, прайшла шлях ад рабочай да начальніка гальванічнага цэха, была камсоргам, парторгам завода, ударнікам камуністычнай працы, узначальвала групу народнага кантролю, узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Менавіта актывістку Яўгенію Паўлаўну ў 1966 годзе выбралі ў дэлегаты Гродзенскай вобласці для ўдзелу ў 26-м з’ездзе Камуністычнай партыі Беларусі, на якім прысутнічаў вядомы савецкі партыйны дзеяч Пётр Міронавіч Машэраў. Памяць аб гэтай падзеі таксама захоўвае адзін з фотаздымкаў сямейнага альбома.

Нялёгкай была праца на заводзе: прадпрыемства расло, мадэрнізавалася, і галоўную ролю ў гэтым працэсе адыгрывалі людзі. Калі ўзяць у разлік яшчэ і грамадскую нагрузку, можна толькі здзіўляцца, як Яўгенія Паўлаўна паспявала з усім спраўляцца і гадаваць дваіх дзяцей – Валянціну і Уладзіміра.

Яны таксама сталі годнымі людзьмі. Валянціна Анатольеўна скончыла Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці, шмат гадоў пражыла з мужам-мараком у Таліне, дзе працавала на тэкстыльна-галантарэйнай фабрыцы, у тым ліку інжынерам інжынерна-канструктарскага бюро. Ужо на той час прадпрыемства супрацоўнічала з замежнымі краінамі – Швецыяй, Нарвегіяй, Фінляндыяй. У 90-х гадах Буцкевічам давялося вярнуцца ў Беларусь, але жыць на дзве краіны, паколькі муж прадоўжыў хадзіць у мора ўжо ў расійскім Мурманску. На жаль, тры гады таму яго не стала. Валянціна Анатольеўна 18 гадоў адпрацавала спецыялістам па кадрах УКП “Гандлёвы цэнтр “Пацдам”, цяпер знаходзіцца на пенсіі, жыве ў Лідзе, захапляецца маляваннем, а ў Яцукі прыязджае адпачыць на ўлонні прыроды.

Уладзімір Анатольевіч Герус у свой час скончыў факультэт міжнародных адносінаў Кіеўскага ўніверсітэта імя Т. Шаўчэнкі, атрымаў званне магістра. Шмат гадоў ён адпрацаваў саветнікам пасла  пасольства Рэспублікі Беларусь у Нью-Ёрку, цяпер прадстаўляе нашу краіну ў Расійскай Федэрацыі, у Маскве, і працуе саветнікам пастаяннага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры ААН.

Па словах Валянціны Буцкевіч, яе мама Яўгенія Паўлаўна Герус і на пенсіі старалася жыць для людзей, цікавілася іх клопатамі і праблемамі. Дзякуючы яе ініцыятыве, былі сабраны подпісы вяскоўцаў з просьбай замест драўлянай кладкі праз рэчку, што цячэ каля вёскі і раздзяляе пад’езную дарогу, змайстраваць мост. У выніку кладку замяніла вялікая труба, праз якую і пралягла дарога. Мясцовыя жыхары і прысвоілі гэтаму аб’екту назву “Жэнькін мост”. Яшчэ адзін аб’ект, які адстойвалі ўсім мірам, – чыгуначны прыпынак Яцукі. Яго хацелі закрыць, але жыхары аднайменнай вёскі і суседніх Боцкавічаў з ініцыятывы Яўгеніі Паўлаўны таксама напісалі калектыўны зварот.

Яўгенія Герус памерла ў 2011 годзе, але ўспаміны пра яе захоўваюцца ў сэрцах родных, у фотаздымках з сямейнага архіва, у памяці ўдзячных землякоў.

Ірына КАЎКЕЛЬ