Андрэй Садоўскі: “Трэба стымуляваць нашу моладзь”

Свежыя навіны Улада

На гэтым тыдні прайшлі сустрэчы ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства.

Так, 21 ліпеня з працаўнікамі  цэнтра банкаўскіх паслугаў № 422 у горадзе Дзятлаве ААТ “Белаграпрамбанк” сустрэўся старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. У гэты ж дзень з працаўнікамі КСУП “Жукоўшчына” правёў сустрэчу першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання  Міхаіл Бабіна.

23 ліпеня сустрэчу з жыхарамі Жукоўшчынскага сельсавета, якая праходзіла ў памяшканні Гезгалаўскай сярэдняй школы, правёў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі.

Падчас сустрэчы жыхары аграгарадка Гезгалы былі праінфармаваны аб сацыяльна-эканамічным развіцці Дзятлаўшчыны. Увага прысутных была засяроджана на такіх пытаннях, як прыцягненне ў наш рэгіён інвестыцый, экспарт прадукцыі і аказанне паслугаў, занятасць насельніцтва, замацаванне моладзі на Дзятлаўшчыне.

– Трэба ствараць такія ўмовы, каб моладзь вярталася ў раён. Трэба стымуляваць нашу моладзь, – зазначыў старшыня райвыканкама.

Варта зазначыць, што паслядоўная работа на працягу пяцігодкі праводзілася ў сістэме адукацыі раёна. З 2015 года да мая 2020 года на капітальны рамонт і рэканструкцыю ўстановаў адукацыі было накіравана больш за 1,7 мільёна рублёў. Забяспечана даступнасць дашкольнай адукацыі, ахоп дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў складае 85,3 %. Павысіўся ахоп аздараўленнем дзяцей з 44 % да 60,5 %. Створаны ўмовы для развіцця інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў. Палепшылася выніковасць выступлення вучняў у творчых конкурсах і праектах. З 2015 года на рэспубліканскіх алімпіядах па вучэбных прадметах атрыманы сем дыпломаў, на абласных – 29.

Падчас сустрэчы прысутныя мелі магчымасць задаць пытанні, звярнуцца да старшыні райвыканкама з просьбамі аб садзейнічанні ў вырашэнні праблем. Так, былі агучаны праблемы з прыпынкам аўтобуса міжгародніх  зносін Брэст – Ліда для жыхароў Гезгалаў, а таксама добраўпарадкавання месца адпачынку каля вады.

Карэспандэнты газеты спыталі пра забяспечанасць навучальнай установы педагагічнымі кадрамі ў дырэктара Гезгалаўскай СШ Эдуарда Ненартовіча:

– У нашай школе вучэбны працэс ажыццяўляюць 23 педагагічныя работнікі. З гэтай колькасці 21 педагог (ці 91 %) мае вышэйшую адукацыю, два педагогі – сярэднеспецыяльную. Педагагічны стаж звыш дзесяці гадоў – у 91 % педагогаў. Ва ўстанове працуе толькі адзін настаўнік пенсійнага ўзросту. Вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыі маюць 20 педагогаў, што складае 92 %.

Праведзенае ў калектыве анкетаванне сведчыць, што 100 % педагогаў станоўча ацэньваюць, як у Гезгалаўскай школе арганізаваны адукацыйны працэс, 95 % апытаных адзначаюць згуртаванасць калектыву і добры псіхалагічны клімат, 97 % педагогаў задаволены размеркаваннем вучэбнай нагрузкі, 100 % – рэжымам працы, адносінамі да іх кіраўніцтва навучальнай установы, 97 % педагогаў задаволены мерамі матэрыяльнага і маральнага стымулявання.

У старшыні Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерыя Верамейчыка пацікавіліся колькасцю насельніцтва сельсавета і забяспечанасцю яго жыллём, працай:

– На 1 ліпеня 2020 года ў Жукоўшчынскім сельсавеце налічвалася 2235 жыхароў. Самы населены, зразумела, аграгарадок Гезгалы, дзе жыве 1344 чалавекі. У тройку лідараў уваходзяць таксама Жукоўшчына, дзе 418 жыхароў, і Погіры са 103 насельнікамі. Цяпер самыя маланаселеныя ў нас вёскі Пецюкі, Каскі, дзе па адным-два жыхары, і Серафіны, Бандары, дзе налічваецца па 11-12 жыхароў.

Паводле статыстычных даных, на 1 студзеня 2020 года ў сельсавеце меліся 615 дамоў, а ў шматкватэрных – 1414 кватэр. На сёння маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў 30 сем’яў нашага сельсавета.

У Жукоўшчынскім сельсавеце налічваецца 1300 чалавек працаздольнага ўзросту, а з гэтага падліку – 66 студэнтаў і навучэнцаў. Найбольшую колькасць жыхароў сельсавета забяспечвае працай КСУП “Жукоўшчына”. На пачатку 2020 года ў сельгаспрадпрыемстве былі заняты 236 чалавек. Маюць працу ў Гезгалаўскім лясніцтве 30 чалавек; у школах і садках сельсавета – больш за 100; на ўчастку жылкамунгаса – 20; ва ўстановах культуры – 9 чалавек. Некаторую колькасць працоўных месцаў дае гандаль, ахова здароўя, паштовая сувязь, сацыяльнае абслугоўванне. Паводле звестак, якія мы маем, 327 чалавек сельсавета ездзяць на працу за межы раёна і ў Дзятлава.

Ірына СКРУНДЗЬ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: