На гэтым тыдні прайшлі сустрэчы ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства.
Так, 30 чэрвеня з жыхарамі аграгарадка Лявонавічы сустрэўся старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. У гэты ж дзень з працаўнікамі КСУП “Белагурна” правёў сустрэчу першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Бабіна.
2 ліпеня сустрэчу з працаўнікамі ААТ “Граніт-Агра” ў Круцілавічах ладзіў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі.
Падчас сустрэчы прысутныя праінфармаваны аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, былі закрануты надзённыя пытанні, якія тычацца вытворчасці, перспектываў развіцця сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і Дзятлаўшчыны ў цэлым.
Што тычыцца ААТ “Граніт-Агра”, то гаспадарка з’яўляецца адной з лепшых на Дзятлаўшчыне: каля 40 % у даходах раёна займае гэтае сельгаспрадпрыемства.
Летась ААТ вырабіла прадукцыі на 24 мільярды рублёў. Па выніках працы за 2019 год калектыў ААТ “Граніт-Агра” занесены на раённую Дошку гонару.
Цяпер у сельгаспрадпрыемстве працуюць 455 чалавек. З гэтай колькасці – 79 маладых працаўнікоў ва ўзросце да 31 года. Моладзь занята і ў жывёлагадоўчай, і ў раслінаводчай галінах.
Самая вялікая працоўная кагорта – жывёлаводаў. Іх налічваецца 163 працаўнікі, а з гэтай колькасці – 25 даярак. А ўсяго ў ААТ “Граніт-Агра” працуюць на дадзены момант 182 жанчыны.
У гаспадарцы 39 чалавек маюць вышэйшую адукацыю ці давучваюцца ў ВНУ, а 82 працаўнікі – з сярэднеспецыяльнай адукацыяй.
Карэспандэнтка газеты пацікавілася, наколькі вынікова працуюць і колькі зарабляюць працаўнікі ў “Граніт-Агра”?
Дырэктар ААТ “Граніт-Агра” Станіслаў Мазур:
– Чысты прыбытак нашага сельгаспрадпрыемства за пяць месяцаў 2020 года склаў 881 тысячу рублёў. Летась за такі ж перыяд мелі 464 тысячы рублёў. Па такім паказчыку, як тэмп росту, дасягнулі 189,9 працэнта. Рэнтабельнасць ад рэалізацыі прадукцыі склала 7,8 працэнта.
Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Граніт-Агра” Кацярына Дубешка:
– Сярэдняя заработная плата за тры месяцы 2020 года ў даярак – 1393 рублі, у жывёлаводаў – 1003 рублі, працаўнікоў свінакомплекса – 982 рублі, у механізатараў – 795 рублёў, паляводаў – 480 рублёў. Сярэдняя заработная плата па іншых катэгорыях працаўнікоў такая: вадзіцелі – 793 рублі, будаўнікі – 942 рублі, працаўнікі рамонтнай майстэрні – 456 рублёў. Сярэдняя заработная плата за тры месяцы 2020 года па ААТ “Граніт-Агра” – 858 рублёў. Летась за аналагічны перыяд яна складала 741 рубель.
Ірына СКРУНДЗЬ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup