Добраўпарадкаванне. А дарога шэраю стужкаю ўецца

Важнае Грамадства

Даўно не былі мы на вуліцы Дварчаніна ў Дзятлаве, і прыемнай нечаканасцю стаў новенькі асфальт.

– Тыдні два мінула ўжо, як заасфальтавалі дарогу, тратуары зрабілі, – расказала жыхарка гэтай вуліцы Надзея Мацюкевіч. – Мы рады такому абнаўленню. Цяпер у нас тут па вечарах ледзьве не спаборніцтвы праходзяць: і на веласіпедах дзеці ганяюць, і на “дошках” катаюцца. Вуліца гладкая – дзецям зручна.

– А яшчэ і водаправодныя сеткі замянілі, – далучыўся да размовы таксама жыхар гэтай вуліцы Мікалай Белавус, які падышоў праверыць паштовую скрынку. – Зразумела, мы задаволены такім добраўпарадкаваннем.

Варта было б толькі газоны лепш зрабіць: зямлі падвезці, траву пасеяць – выказалі пажаданні мае суразмоўцы з вуліцы Дварчаніна.

Пазней пры размове з майстрам  Дзятлаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэмаў Мар’янам Захарэўскім высветлілася, што вуліцы Дварчаніна і Фогеля яшчэ не прыняты да эксплуатацыі. А падрыхтоўка да здачы якраз і прадугледжвае навядзенне прыгажосці: і завоз чарназёму, і падсяванне травы.

Цяпер жа падначаленыя Мар’яна Захарэўскага заняты на капітальным рамонце моста паміж гарадскімі азёрамі, непадалёку ад раённай бальніцы.

– Тут ужо зроблена шмат: заменены водаправод праз мост, пакладзены новы асфальт, зроблены пешаходныя дарожкі. Засталося пліты ўсталяваць, прыладзіць на мосце парэнчы, – расказаў Мар’ян Захарэўскі.

На добраўпарадкаванні  працуе брыгада з пяці чалавек. Самы вопытны з працаўнікоў – Аляксандр Шчэрба, мае 36 гадоў працоўнага стажу. Самы малады – Дзяніс Кухта, толькі тры гады працуе ў ПМС. Поруч з названымі працаўнікамі заняты Уладзімір Міцкевіч, Сяргей Міснік, Віталь Бекета. А ўсе геадэзічныя работы выконвае Аляксандр Аблажэй.

– Аўтобусам прадпрыемства наладжаны падвоз працаўнікоў, –  расказаў Мар’ян Генрыхавіч. – Працуюць хлопцы з васьмі раніцы да шасці вечара. На жаль, выгодамі пахваліцца не можам. Але ёсць вагончык, дзе можна паесці і адпачыць. Такое ўжо выпадае здаўна меліяратарам “качавое” жыццё.

А ўвогуле, капітальным рамонтам вуліц Фогеля і Дварчаніна займаецца ПМС сумесна з Дзятлаўскім ДРБУ-119. Мяркуецца, што на пачатку жніўня і дарожнікі, і меліяратары пакінуць гэты мікрараён. Іх чакаюць новыя аб’екты.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup