Ці залічаць у стаж работу па сумяшчальніцтве?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама часта звяртаюцца жыхары Дзятлаўскага раёна.

Іх хвалююць важныя пытанні, якія найчасцей тычацца налічэння і выплаты пенсій. Адказвае на іх намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава.

Пытанне: ці можна зрабіць пераразлік пенсіі па ўзросце з улікам стажу асобам, якія працуюць пасля назначэння пенсіі?

Адказ: згодна з заканадаўствам, пераразлік пенсіі па ўзросце (у тым ліку назначанай датэрмінова) з улікам стажу работы, якая ажыццяўлялася пасля яе назначэння, адбываецца пры ўмове неатрымання пенсіі па ўзросце за гэты перыяд. Для ўключэння ў стаж работы пасля назначэння пенсіі па ўзросце неабходна, каб пенсіянер добраахвотна, у пісьмовай форме адмовіўся ад атрымання ўжо назначанай яму пенсіі.

Выбар працягласці перыяду, за які пенсіянер адмаўляецца ад атрымання пенсіі, ажыццяўляецца ім самім і пазначаецца ў заяве. Заява аб спыненні выплаты пенсіі па ўзросце падаецца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства.

Выплата пенсіі па ўзросце прыпыняецца на перыяд, пазначаны ў заяве. Аднаўленне выплаты пенсіі ажыццяўляецца з дня, наступнага за днём заканчэння гэтага пенсійнага перыяду.

Пытанне: за які перыяд можна атрымаць пенсію, якая незапатрабавана пенсіянерам своечасова?

Адказ: налічаныя сумы пенсіі, якая незапатрабавана пенсіянерам своечасова, выплачваюцца за мінулы час не больш, чым за тры гады, якія папярэднічалі звароту па атрыманне пенсіі. Сумы пенсіі, якія не былі атрыманы своечасова па віне органа, які назначае і выплачвае пенсію, выплачваюцца за мінулы час без абмежавання якім-небудзь тэрмінам.

Пытанне: ці ўключаецца ў стаж і заробак для назначэння пенсіі работа па сумяшчальніцтве?

Адказ: у стаж залічваюцца перыяды работы, прадпрымальніцкай дзейнасці пры ўмове, што на працягу гэтых перыядаў ажыццяўлялася ўплата абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь адпаведна заканадаўству. Падлік перыядаў работы ажыццяўляецца ў каляндарным парадку ад даты прыёму на працу па дату звальнення. У стаж для назначэння пенсіі перыяды работы па сумяшчальніцтве не ўключаюцца, паколькі каляндарна супадаюць з перыядамі работы па асноўным месцы работы.

У заробак для налічэння пенсіі ўключаюцца выплаты ўсіх відаў, у тым ліку за работу па сумяшчальніцтве, на якія, згодна з заканадаўствам, налічваліся і з якіх уплачваліся абавязковыя страхавыя ўзносы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup