Раклевічы: час, падзеі, людзі

Галоўнае Грамадства

Каля шасці кіламетраў аддзяляюць Дзятлава і прыгарадны аграгарадок Раклевічы, паселішча ў некалькі вуліц, са сваімі базавай школай і садком, фельчарска-акушэрскім пунктам, Домам культуры і бібліятэкай, крамай “Родны кут”, поштай,  уладкаванымі дамамі, дзе жывуць з даўніх часоў працавітыя людзі.

Адкуль пайшла назва Раклевічы?

Адказаць на гэта пытанне дапамагла Таццяна Цыгель, якая працуе ў Раклевіцкай бібліятэцы. Яна прапанавала пазнаёміцца з невялікім буклетам, дзе занатаваны цікавыя факты пра паселішча, ёсць успаміны старажылаў. Адзін с такіх людзей – Іосіф Юрчук пакінуў  згадкі пра паходжанне назвы: “Пра гэта мне расказаў бацька. На месцы, дзе цяпер стаяць хаты нашай вёскі, знайшлі вялікія запасы торфу, таму хутка пачаліся тарфяныя распрацоўкі. Сяляне, якія не былі ў прыгоннай залежнасці ў пана, сталі працаваць на іх па найме. Многія прыбылі з аддаленых мясцін. Працоўны дзень быў доўгі, і людзі не паспявалі вяртацца дахаты, а назаўтра зноў выйсці на работу. Таму неўзабаве ў раёне тарфяных распрацовак з’явіліся першыя хаціны. А на месцы здабычы торфу сталі ўзнікаць катлаваны, напоўненыя вадой. Так утварылася мноства невялікіх сажалак, у якіх сяляне спрабавалі разводзіць рыбу і ракаў. Ракаў яны лавілі ў рацэ Моўчадзь і выпускалі ў сажалкі. З цягам часу ўсю тэрыторыю, дзе размяшчаліся сажалкі, пачалі называць “рачышчамі”. Можна меркаваць, што пасяленне побач пазней пачалі называць на польскі манер  Раклевічы”.

У даўнейшых зямельных актах можна знайсці звесткі, што ў 1813 годзе ў Раклевічах, вёсцы Дзятлаўскай воласці, Слонімскага павета, мелася 23 двары. Паводле даных за 1880 год там налічвалася ўжо 73 жыхары; у 1897 годзе – 157 жыхароў і меліся 29 хат; у 1905-ым – 164 жыхары.

Не абыходзілі бокам гэта паселішча  войны і акупацыя.  У 1915 годзе вёска Раклевічы была акупавана войскамі кайзераўскай Германіі, у 1919-ым –буржуазнай Польшчы. З 1921 года паселішча адносілася да Польшчы –  Дзятлаўскай гміны Навагрудскага павета. А з верасня 1939 года – яна ў складзе БССР.

Пра гады змагання з фашысцкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны нагадвае помнік у цэнтры Раклевічаў. Ён быў усталяваны ў 1974 годзе. На памятнай пліце выбіты прозвішчы 25 жыхароў Раклевічаў, якія загінулі ў баях за Радзіму.

Раклевічы, як і Дзятлава, былі вызвалены 9 ліпеня 1944 года. З 4 мая 1945 года вёска  ўваходзіла ў складНаваяльнянскага раёна Баранавіцкай вобласці, а з 8 студзеня 1954 года паселішча  адносіцца да Гродзеншчыны. Аграгарадком Раклевічы сталі ў 2009 годзе. Паводле звестак, атрыманых у Дзятлаўскім сельвыканкаме, на пачатак 2020 года паселішча налічвае 157 гаспадарак і 402 жыхары, якія жывуць тут пастаянна. Вуліц у аграгарадку некалькі – Садовая, Зялёная, Новая, Піянерская, Моладзевая, Кастрычніцкая, Заходняя, Калашнікава.

Вуліца імя старшыні

Калі толькі пераехала на Дзятлаўшчыну і давялося пачуць пра вуліцу Калашнікава ў Раклевічах, падумала: пры чым тут стваральнік аўтамата Калашнікаў? Потым даведалася пра старшыню заможнага калгаса “Расія” Аляксея Калашнікава, чалавека выключна мірнага занятку.  Гаспадарку ён прыняў у 1954-ым і аддаў працы на зямлі і з людзьмі  30 гадоў. Менавіта пры яго старшынстве было распачата будаўніцтва жылля, многіх установаў сацыяльна-культурнага прызначэння, якія і сёння служаць людзям. Вось і Раклевіцкая школа будавалася пры Калашнікаве.

Да 1959 года на тэрыторыі калгаса “Расія” працавала 7-гадовая школа ў вёсцы Галаўлі. І ў гэты ж час пачалі будаваць новую на цэнтральнай сядзібе калгаса ў Раклевічах. І першага верасня 1959 года школа прыняла першых вучняў. У 1962 годзе ўстанова атрымала статус 8-гадовай, пазней – няпоўнай сярэдняй, затым – базавай. І нарэшце ў 2004-м была рэарганізавана ў вучэбна-педагагічны комплекс “Раклевіцкі дзіцячы сад-базавая школа”.

Пра гісторыю самой школы, вёскі Раклевічы, калгаса “Расія”, пра знакамітых і працавітых землякоў можна даведацца, наведаўшы школьны музейны пакой “Мой родны кут: час, падзеі, людзі”. Тут ашчадна захоўваюцца дакументы, фотаздымкі, узнагароды, рэчы  людзей, якія пакінулі значны след у жыцці паселішча. Асобны стэнд прысвечаны АляксеюКалашнікаву. Сёлета споўнілася 100 гадоў з яго дня нараджэння.

Як расказаў дырэктар установы Аляксандр Васюкевіч, у наступным навучальным годзе мяркуецца музейны пакой рэарганізаваць у музей. А цяпер у школе распачата падрыхтоўчая праца да новага навучальнага года. Сваімі  сіламі, за кошт пазабюджэтных сродкаў будзе праведзены касметычны рамонт памяшканняў, добраўпарадкавана тэрыторыя. І першага верасня сямёра першакласнікаў сядуць за парты ў абноўленай школе.Так “матэматычна” склалася, што сем хлопчыкаў і дзяўчынак  прыйдуць у школу наўзамен сямі выпускнікам, якія закончылі базавую школу  і мяркуюцьпрадоўжыць навучанне ў сярэдне-спецыяльных навучальных установах.А ўвогуле садок і школа налічваюць 66 дашкольнікаў і вучняў. Раклевіцкіх дзяцей вызначае паспяховы ўдзел у разнастайных навукова-практычных канферэнцыях, творчых конкурсах і прыхільнасць да спорту.

Дом, дзе жывуць кнігі

На сучасны манер  бібліятэку цяпер называюць цэнтрам традыцыйнай культуры, мультымедыйным цэнтрам. Мне ж прасцей казаць і пісаць – бібліятэка аграгарадка Раклевічы. Не памылюся, калі зазначу, што менавіта бібліятэка-клуб была адной з першых установаў, якая тут адчынілася ў пасляваенны час. Было гэта напрыканцы 1948 года. Бібліятэка-клуб размяшчалася ў звычайнай вясковай хаце. Першыя кнігі для патрэбаў вясковых чытачоў, як сведчыць гісторыя, падарыў  першы старшыня тагачаснай сельскагаспадарчай арцелі “Перамога” Іван Лабар.Бібліятэка пачынала працу літаральна з некалькіх кніг.Першым бібліятэкарам сюдыпрызначылі Леакадзію Баранскую. Па адукацыі яна была бухгалтарам, але калі вярнулася ў родную вёску пасля заканчэння Гродзенскай аграрнай школы, пагадзілася працаваць у бібліятэцы-клубе.

У 1977 годзе, калі праходзіла цэнтралізацыя бібліятэчнай сістэмы, кніжны фонд Раклевіцкай сельскай бібліятэкі меў 2 тысячы асобнікаў.Цяпер ён налічвае больш за 10 тысяч.

Як расказала бібліятэкар Таццяна Цыгель, цяпер гэтая ўстанова культуры мае 250 чытачоў. У жыхароў аграгарадка ёсць магчымасць знаёміцца з навінкамі літаратуры, бібліятэка атрымлівае сем часопісаў і восем газет. Тут утульная чытальная зала і вялікае кнігасховішча.

Пакуль штова ўдзельнікаў аматарскага  аб’яднання “Спадчына”, якое тут існуе аж з 1996 года, няма рэальнай магчымасці наведваць пасяджэнні з-за эпідэмічнай сітуацыі.Аднак яны могуць мець віртуальныя стасункі: культурнае жыццё перамясцілася цяпер у сацыяльныя сеткі, на ютуб-канал.

Спорт і кветкі на Зялёнай

Выпадкова даведалася з размовы з прадаўцамімясцовага магазіна “Родны кут” Наталляй Грыцук і Інай Пашукевіч, што жыхары вуліцы Зялёная не сталі чакаць, калі ім хто-небудзь дзе-небудзь пабудуе спартыўную пляцоўку. Самі сарганізаваліся і ў канцы вуліцыўсталявалі для гульні ў футболвароты, можна будзе там пагуляць і ў валейбол, і ў баскетбол.Такім чынам намерыліся далучаць сваіх дзяцей да спорту. На адкрыццё вулічнага “стадыёна” абяцалі запрасіць і нас, карэспандэнтаў газеты.

Вуліца Зялёная сваю назву апраўдвае: дамы стаяць у зеляніне садоў, насаджана каля кожнага будынка  шмат кветак. А самай вялікай аматаркай кветак тут лічыцца Ганна Андрукевіч. Кажуць, менавіта яна падахвоціла да кведкаводства сваіх суседак – і Таццяну Вікулаву, і Ірыну Чулькіну, і многіх іншых.

На падворку ў Андрукевічаў –багата ружаў, мабыць, кустоў 70. Самая прыгажосць каля дома — у ліпені-жніўні, калі ўсё квітнее і стаіць дзівосны водар. Пакуль жа тут валадараць ірысы, не менш прыгожыя і велічныя. Ганна Віктараўна мае іх больш за 20 гатункаў.

Кветкі тут паўсюль: перад домам, за ім і нават на самім доме ў кашпо. Захапленне кветкамі Ганне  перадалося ад матулі – Марыі Вікенцьеўны Цыбульскай, якая жыве ў гарпасёлку Жалудок. У Жалудку Ганна Віктараўна закончыла медвучылішча, атрымала размеркаванне на Дзятлаўшчыну. Тут сустрэла сваю “палавінку” і засталася на сталае жыццё ў Раклевічах. Цяпер яна працуемедсястрой у санаторыі “Радон”.  А да свайго занятку кветкамі жанчына, як некалі матуля, далучае дачушак Паліну і Ангеліну.У Раклевічах Андрукевічы жывуць ужо 16 гадоў, і аграгарадок стаў ім любым і родным.

Людзі ў белых халатах

Звычайна так кажуць пра медыкаў. А сённяшняя эпідэмічная сітуацыя змушвае загадчыцу Раклевіцкага ФАПа Людмілу Савасцюк быць і ў ахоўнай масцы, і з ахоўным “шчытком” на твары.

Мы пагутарылі з Людмілай Іванаўнай, калі ў яе выдаўся зацішак у прыёме пацыентаў. У сярэднім за дзень фельчарска-акушэрскі пункт наведваюць чалавек 25-26.

Медустанова абслугоўвае чатыры населеныя пункты з паўтысячай жыхароў. На кантролі ў медыцынскага работніка –  100 дзяцей, чацвёра з якіх ва ўзросце да аднаго года.

Дапамагае спраўляцца з фапаўскімі клопатамі санітарка Таццяна Юрчук. Жанчыны працуюць разам ужо шмат гадоў, з моманту, калі Людміла Іванаўна прыняла кіраўніцтва медустановай.

Умовы працы, як расказала і паказала загадчыца, добрыя. Дастаткова кабінетаў і неабходнага абсталявання. Не кожны ФАП можа пахваліцца тым, што ёсць магчымасць аказваць 11 фізіятэрапеўтычных працэдур.

Людміла Іванаўна – фельчар вопытны: мае за плячыма 22 гады працы ў медыцыне, 15 з якіх менавіта ў  Раклевіцкім ФАПе.

Няхай будуць і вяселлі, і народзіны

Не менш сталая жыхарка Раклевічаў – Ніна Млынарчык прызналася, што ў гэту вёску “закахалася” з першага погляду. Сюды яна з сям’ёй пераехала ў 2005 годзе.

Ніну Адамаўну, яе мужа, усыноўленых і прыёмных дзяцей ведаю даўно, і як было не зазірнуць на вуліцу Садовую, пацікавіцца іх жыццём. У сям’ і – прыемныя навіны: жэніцца іх усыноўлены Маісей. У ліпені чакаецца вяселле, таму цяпер сямейнікі шчыруюць у хаце і на падворку, каб належным чынам сустрэць маладых.

Ніна Адамаўна мае ўжо і трое ўнукаў.  А ўвогуле з 1993 года дом Млынарчыкаў стаў родным для трох усыноўленых і 15 прыёмных хлопчыкаў і дзяўчынак. Цяпер тут жывуць прыёмныя дзеці-школьніцы Вікторыя і Ангеліна, бавіць час у бабулі ўнучка Жэнечка.

Так, жыве аграгарадок сваімі клопатамі. І пішуцца новыя старонкі гэтага паселішча…

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: