Гезгалаўскі садок рыхтуецца да Дня Перамогі

Важнае Грамадства

Нельга пераацаніць значнасць Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, вялікі ўклад нашага народа ў перамозе над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Мы, дарослыя, ведаем, якой цаной заваявана шчасце нам, цяперашнім, жыць у мірнай, дружалюбнай дзяржаве, якая падтрымлівае добрасуседскія адносіны з краінамі свету. Разам з усёй краінай калектыў нашай установы рыхтуецца да святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі.

У музычным зале аформлена фотазона “Вялікай Перамозе – 75”. Тут дзеці здзейснілі віртуальную экскурсію ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, даведаліся пра падзеі ваенных гадоў, паглядзелі сюжэты дакументальных стужак пра вайну. Пасля праслухоўвання песень ваенных гадоў і песень, прысвечаных падзеям тых гадоў, выхавальнік Богінь А.Я. ў даступнай форме растлумачыла выхаванцам, чаму салдаты, якія не вярнуліся дамоў з вайны, ператварыліся ў белых журавоў. І самі сюжэты, і тужлівыя мелодыі песень, і пранікнёны голас выхавальніка не маглі нікога пакінуць раўнадушнымі – дзеці вельмі блізка ўспрынялі ўсё, што ўбачылі і пачулі, … і з вачэй у некаторых цяклі слёзы: так шкада ім было тых салдат, якія загінулі ў час вайны.

Акрамя гэтага, у яслях-садзе прайшоў міжгрупавы конкурс плакатаў “Салют, Перамога!” Так, выхаванцы рознаўзроставай групы №2 разам са сваёй выхавальніцай Шашко А.І. стварылі плакат з далонькаў, выхаванцы рознаўзроставай групы №3 – плакат з птушкай-сімвалам міру – голубам.

У час чарговай прагулкі дзеці разам з выхавальнікамі ўсклалі кветкі да абеліску ў аграгарадку Гезгалы. Не толькі 9 Мая трэба ўспамінаць загінуўшых у гады вайны – трэба памятаць пра іх заўсёды. Подзвіг народа – бессмяротны.

Галіна ГАЎРОШ,
педагог сацыяльны Гезгалаўскага ясляў-сада



Теги: