У рамках праекта “Формула памяці” праграмы падтрымкі “Месца сустрэчы: дыялог” Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа школьнікі розных раёнаў Прынёманскага краю прынялі ўдзел у тэматычным конкурсе сачыненняў “Захавальнікі памяці, ведаў, традыцый”, прымеркаваным да 75-годдзя Вялікай Перамогі.
Нядаўна вынікі абласнога конкурсу былі падведзены. Парадавала, што сярод прызёраў ёсць нашы юныя землякі.
– Навучэнцы Дзятлаўшчыны актыўна ўдзельнічалі у конкурсе, – расказала старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк. – Асабліва прыемна, што адразу дзве работы юных дзятлаўчан былі адзначаны дыпломамі і памятнымі падарункамі.
Каб уручыць іх, падзякаваць канкурсантам і іх настаўнікам, Галіна Касцюк накіравалася ў сярэднюю школу № 3 горада Дзятлава, дзе вучацца прызёры. Узнагароды ім уручылі ў прысутнасці дырэктара ўстановы Івана Кібіня, старшыні пярвічнай арганізацыі Чырвонага Крыжа Аксаны Якаўчык, настаўніц, якія дапамагалі рыхтавацца да конкурсу, – Святланы Урбан і Таццяны Калашнікавай.
Дыпломам трэцяй ступені Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа за ўдзел у конкурсе сачыненняў “Захавальнікі памяці, ведаў, традыцый” і падарункам узнагароджана Анастасія Макуца.
Насця расказала, што напісаць конкурсную работу ёй прапанавала класны кіраўнік Таццяна Калашнікава. У аснову сачынення школьніцы лягла трагедыя сям’і Чайкоўскіх, якая была расстраляна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Падрыхтоўка работы не выклікала асаблівых цяжкасцяў, бо Анастасія не першы год удзельнічае ў прадметных алімпіядах.
Спецыяльным прызам і дыпломам за творчы падыход і актыўны ўдзел у конкурсе сачыненняў “Захавальнікі памяці, ведаў, традыцый” адзначаны Яраслаў Урбан.
Работа Яраслава, як ён адзначае, была напісана ў вершаванай форме, а прысвечана яна тэме вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і лёсам прабабулі і прадзядулі хлопчыка. Гартаць сямейны альбом і пісаць вершаваны твор Яраславу дапамагала мама, настаўніца рускай мовы і літаратуры Святлана Урбан.
Сертыфікатамі Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа за ўдзел у конкурсе сачыненняў “Захавальнікі памяці, ведаў, традыцый” і прызамі адзначаны яшчэ трое навучэнцаў сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава – Кацярына Сербін, Наталля Гурневіч, Дар’я Дзярвук, а таксама Дзяніс Сцяцко і Аляксандра Дзенісенка з Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы і Святлана Губар з Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup