Цвіце цяпер сад у Жукоўшчыне

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Побач з аграгарадком размешчаны 63 гектары пладаноснага саду і 16 – маладога.

Астатняя плошча са 100 гектараў адпачывае другі год, і там будзе закладзены новы сад.

Гаспадарка пачала займацца вытворчасцю яблыкаў, увайшоўшы ў рэспубліканскую праграму садоўніцтва, 20 гадоў таму.

Як расказала Алена Свіб, галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце КСУП “Жукоўшчына”, ініцыятарам закладкі сада ў гаспадарцы быў тагачасны аграном калгаса “1 Мая” Уладзімір Гульнік. Менавіта Уладзімір Міхайлавіч аб’ездзіў установы, якія маглі даць слушныя парады, сустракаўся і раіўся з навукоўцамі з занальных інстытутаў у Шчучыне і Самахвалавічах, каб падабраць найлепшыя сарты яблынь.

Прыгадваючы той час, Алена Лявонцьеўна зазначыла, што сарты былі падабраны належным чынам: з добрым смакам, лежкасцю, шчодрым пладанашэннем. Каля 70 працэнтаў пасадак займаў сорт Антэй, які і сёння карыстаецца добрым попытам. Менавіта гэтыя яблыкі жанчына лічыць аднымі з самых смачных. А меркаванню Алены Лявонцьеўны можна давяраць, бо па адукацыі яна аграном і поруч з Уладзімірам Гульнікам адпрацавала ў садзе не адзін год.

Сёлета добра цвітуць пасаджаныя тры гады таму маладыя яблынькі. Займаюць яны 16 гектараў. Тут высаджвалі ўжо разнастайныя сарты: Дарунак, Поспех, Сябрына, Імант, Алеся, Беларускі салодкі, Голдэн-рэйд. Ёсць нават гатунак пад назвай Шампіньён.

Майскае пахаладанне і неактыўнасць пчол, зразумела, адмоўна ўплывае на насаджэнні. І гэта вельмі непакоіць новага агранома Андрэя Лічыка. Два месяцы таму ён прыняў пад сваю апеку сад.

На Дзятлаўшчыну, радзіму жонкі, Андрэй Лічык пераехаў са Свіслацкага раёна. Мае і адукацыю, і вопыт працы аграномам. Заканчваў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Першыя азы садоўніцкай справы спазнаваў у бацькоўскім садзе. Цяпер веды папаўняе праз публікацыі, практычныя парады старэйшых калег.

Вясной у садзе клопатаў шмат, расказаў Андрэй Анатольевіч, вядзецца падкошванне міжрадкоўя, на чарзе – апрацоўка прыствольных палосаў, трэба абараняць насаджэнні ад хваробаў і шкоднікаў.

Шмат і ручной працы. Таму тут не абысціся без памочнікаў. У брыгадзе садаводаў цяпер заняты восем чалавек: Ганна Мельнік, Вераніка Аўцынава, Анатоль Богач, Таццяна Бялятка, Сяргей Капковіч, Аляксей Яскельчык, Тамара Філіповіч, Галіна Юшкевіч. Узначальвае брыгаду Алена Васюкевіч.

Цяпер гараджан, якія не маюць сваіх садоў, цікавіць пытанне: дык ці будзем з жукоўшчынскімі яблыкамі восенню і зімой? Яблыкі будуць, але ці шмат – пакуль цяжка сказаць. Летась, да прыкладу, сабралі 191 тону, паколькі паўплывала спёка, таксама была выдалена пэўная колькасць састарэлых дрэваў,а ў 2018 годзе – 697 тон. З-за капрызаў надвор’я ўраджаі, зразумела, неаднолькавыя.

КСУП “Жукоўшчына” звычайна рэалізуе яблыкі ў сваім аграгарадку, Дзятлаве і раёне, у Бярозаўцы, пастаўляе ў садкі, школы, бальніцы. Для надзейнага захоўвання прадукцыі ў гаспадарцы пабудавана сховішча для яблыкаў. Будзем спадзявацца, што пуставаць памяшканне не будзе, бо нябесная канцылярыя, здаецца, запасы непагадзі зрасходавала і надвор’е пакрыху паляпшаецца.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup