Актывісткі Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” не застаюцца раўнадушнымі да падзеяў, якія адбываюцца ў нашай краіне.
Вось і цяпер яны далучыліся да рэспубліканскай акцыі БСЖ “Марафон падтрымкі” і фінансава дапамагаюць медыкам рэспублікі, адсылаючы грошы на дабрачынны рахунак. Не менш важна, калі падобная дапамога з’яўляецца адраснай.
Таму яшчэ частку сродкаў раённая жаночая арганізацыя сабрала менавіта для медыкаў Дзятлаўшчыны. З цёплымі словамі падтрымкі і карыснымі падарункамі да работнікаў Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы накіраваліся члены праўлення раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” на чале са старшынёй арганізацыі Аленай Жадзейка і яе намесніцай Таццянай Нікіпорчык.
Ва ўстанове гасцей віталі намеснік галоўнага доктара па медыцынскай часці Дзятлаўскай цэнтральнай раённай больніцы і старшыня пярвічнай жаночай арганізацыі гэтай установы Інэса Гусева, а таксама работнікі бальніцы.
– Мы, прадстаўніцы раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, у гэты адказны для краіны перыяд далучаемся да рэспубліканскай акцыі “Марафон падтрымкі”, – зазначыла Алена Жадзейка. – І ад імя ўдзельніц раённай жаночай арганізацыі гаворым вам “дзякуй” за самааданую працу і клопат, за тое, што жанчыны-медыкі на працягу дзясятка гадоў актыўна падтрымліваюць раённую арганізацыю Беларускага саюза жанчын. А цяпер вашы сяброўкі са шчырай удзячнасцю зычаць вам моцнага здароўя і перадаюць ахоўныя маскі, пашытыя ўдзельніцамі пярвічных арганізацый Парэцкага сельвыканкама, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава, Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.
Ад членаў раённай арганізацыі і шэрагу нашых пярвічных арганізацый мы пералічылі на дабрачынны рахунак у рамках рэспубліканскай акцыі “Марафон падтрымкі” грашовую дапамогу ў памеры больш за 550 рублёў, яшчэ 300 рублёў былі пералічаны на рахунак Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Жадаем вам невычэрпнай энергіі, сілы духу і Божай дапамогі ў вашай нялёгкай справе.
Інэса Гусева шчыра падзякавала гасцям за падарункі і грошы, бо яны сёння дарэчы дзятлаўскім медыкам. І зазначыла, што ахоўныя маскі з каляровага тэкстылю, на якіх нават ёсць сімвалы жаночай арганізацыі – васількі, падораць калектыву бальніцы нотку добрага настрою.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup