Дзятлаўская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” актыўна ўключылася ў маштабную акцыю “Марафон падтрымкі”, скіраваную на дапамогу медыкам, якія працуюць у складаных умовах, і неабароненым катэгорыям грамадзян з групы рызыкі.
Разам з тым, жанчыны Дзятлаўшчыны вырашылі, што яны могуць не толькі фінансава, але і на справе дапамагаць людзям у перыяд распаўсюджання рэспіраторных інфекцый і падбадзёрваць іх добрымі словамі.
– Цяпер вельмі запатрабаваны медыцынскія маскі, – зазначае намеснік старшыні раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык. – Пярвічка жаночай арганізацыі нашай установы налічвае 41 работніцу. Усе яны гаспадыні, многія захапляюцца рукадзеллем, а таму адгукнуліся на заклік раённага аб’яднання шыць медыцынскія маскі.
Разам са старшынёй раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Аленай Жадзейка для гэтых мэтаў мы набылі тканіну і гумкі. У Цэнтры ўжо арганізаваны некалькі рабочых зонаў. Шыем больш шчыльныя маскі з тэкстылю, якія плануем перадаць медыкам Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, таксама частка такіх масак будзе накіравана ў стацыянарныя ўстановы раёна і бальніцу сястрынскага догляду аграгарадка Гезгалы.
Таксама наладжаны пашыў масак аднаразовага выкарыстання з нятканага матэрыялу. Імі вырашылі запасціся ў мэтах прафілактыкі, каб не падвяргаць калектыў установы пагрозе захварэць. У нашым Цэнтры ўведзены “масачны” рэжым, але не ўсе наведвальнікі маюць пры сабе маскі, а трапіць да спецыялістаў многім трэба абавязкова. Асабліва гэта тычыцца людзей, якія прыходзяць афармляць дапамогу на пахаванне памерлых родных. Сярод іх могуць быць жыхары іншых рэгіёнаў Беларусі. Людзі засмучаны, яны не заўсёды ўспамінаюць пра сродкі абароны. Таму пры ўваходзе мы паставілі скрыню з аднаразовымі маскамі, а наша супрацоўніца будзе нагадваць кожнаму аб неабходнасці апрацаваць рукі і надзець маску. Такім чынам наша пярвічка робіць свой уклад у прафілактыку.
– Жанчыны нашага раёна выдатна разумеюць, што цяпер многае залежыць ад кожнага з нас, – расказвае старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Алена Жадзейка, – таму далучаюцца да маштабнай акцыі аб’яднання “Марафон падтрымкі”. Пярвічкі ўжо пачалі пералічваць грошы на дабрачынны рахунак для медыкаў Беларусі (яго рэквізіты можна знайсці на сайце Беларускага саюза жанчын і ў раённай газеце “Перамога” № 30 за 15 красавіка 2020 года). Гэта ўжо зрабілі раённая арганізацыя ГА “БСЖ”, а таксама пярвічныя арганізацыі Дварэцкага сельвыканкама, Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама, рэдакцыі раённай газеты “Перамога”.
Частку сродкаў мы сабралі, каб забяспечыць маскамі медперсанал Дзятлаўшчыны і найбольш уразлівыя катэгорыі жыхароў. Да закліку пашыць маскі самастойна далучыліся пярвічкі Парэцкага сельвыканкама, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава, Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Раздаючы маскі, будзем казаць людзям словы падтрымкі. Яны вельмі неабходны многім у гэтыя дні. Спадзяюся, ініцыятывы дзятлаўчанак дапамогуць знізіць рызыку заражэння і стануць для многіх у нашым раёне праменьчыкам дабрыні.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup