З днём нараджэння, Дзятлаўскае ДТСААФ!

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Для Дзятлаўскай раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ 2020 год юбілейны: таварыству – 70 гадоў.

З гэтай нагоды 12 сакавіка ў актавай зале СШ № 3 горада Дзятлава адбылося ўрачыстае мерапрыемства.

Дзень нараджэння – гэта торт і запаленыя свечкі. Яго напрыканцы свята вынеслі для юбіляраў вучні трэцяй дзятлаўскай школы. А задзьмуць свечкі паклікалі кіраўніка таварыства Валянціна Вараб’я.

На працягу 12 гадоў ён паспяхова ўзначальвае калектыў. Праўда, ён невялікі – усяго 10 чалавек, але працуе зладжана і вынікова. Сведчанне таму – за мінулыя 12 гадоў калектывам раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ падрыхтаваны больш за 3150 кандыдатаў у вадзіцелі, лічы, нашага паўгорада. Толькі ў 2019 годзе тут навучаліся 472 чалавекі.

Курсантамі ў свой час былі  многія, хто прыйшоў павіншаваць калектыў таварыства з юбілеем. Вось што прыгадаў намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Юрый Залеўскі:

– Я прыйшоў вучыцца ў ДТСААФ дзесьці ў годзе 1983-м. Вельмі хацеў мець правы на матацыкл. Кіраўніком тады быў Іван Аляксандравіч Філіповіч. Мелі некалькі “мінчыкаў”, некалькі спартыўных матацыклаў і  “Масквіч-40” белага колеру. Першыя свае правы атрымаў. Потым здаваў на катэгорыю “С”. Патрабаванні былі вельмі жорсткія: з 52 здалі толькі двое, дарэчы, я і яшчэ адна дзяўчына. Цяпер маю правы ўсіх катэгорый. І з упэўненасцю скажу, што таварыства патрэбнае і запатрабаванае. Дабрабыту калектыву і вялікі дзякуй за працу!

Словы падзякі  і пажаданні з нагоды юбілеюя гучалі на працягу ўсяго мерапрыемства. Павіншаваць падначаленых, уручыць ім узнагароды прыязджалі намеснік старшыні Цэнтральнага Савета ДТСААФ Аляксей Мірашнічэнка і намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ Валерый Гапоненка. Яны прывезлі важкія падарункі – інтэрактыўную дошку для навучання курсантаў і падымальнік для абслугоўвання тэхнікі.

Да віншаванняў далучыліся калегі з суседніх раёнаў. Яны дэлегавалі Уладзіміра Тарасава з Ваўкавыска перадаць сімвалічны падарунак – глобус. Маўляў, няхай увесь зямны шар пакараецца вашым навучэнцам.

Сярод навучэнцаў таварыства была і лідар прафсаюзнай арганізацыі  работнікаў дзяржаўных установаў Ірына Жэгала. Яна мае 35 гадоў вадзіцельскага стажу, і,  як прызналася, ніводнага разу не прадаставіла задавальненне “гаішнікам” яе затрымаць. Ірына Дзмітрыеўна, як  кіраўнік фінансавага аддзела райвыканкама, пажадала юбілярам фінансавай стабільнасці і ажыццяўлення ўсіх планаў і задумак.

Ад імя моладзі раёна юбіляраў павіншавала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

Кожны з гасцей уручаў узнагароды: ганаровыя граматы, ганаровыя знакі, падзячныя пісьмы, прэміі працаўнікам таварыства і актывістам ДТСААФ.

Сярод адзначаных Валянцін Варабей, Славамір Бабіла, Мікалай Ерамейчык, Таццяна Чараховіч, Людміла Вайтовіч, Пётр Майсюк, Дзмітрый Асіпук, Алена Адамчык, Галіна Варабей, Юрый Кардаш.

Музычныя падарункі для юбіляраў і гасцей свята падрыхтавалі вучні СШ № 3 горада Дзятлава, а таксама былыя курсанты ДТСААФ Людміла і Аляксандр Баклушыны, Ганна Харлінская, Марына Варган, Максім Маліноўскі.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ