Намаляваць эскізы графіці і прыняць удзел у абласным моладзевым конкурсе да 75-годдзя Вялікай Перамогі юных жыхароў Прынёманскага краю заклікаюць Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама і Гродзенскі абласны камітэт ГА “БРСМ”.
Аб тым, як у конкурсе можа паўдзельнічаць моладзь нашага раёна, расказала першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.
– Абласны моладзевы конкурс графіці прымеркаваны да юбілея Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і скіраваны на захаванне гістарычнай памяці і развіццё творчага патэнцыялу маладых беларусаў. Асабліва прыемна, што ён зможа надаць фарбаў нашаму абласному цэнтру, паколькі аўтары работ-пераможцаў на заключным трэцім этапе конкурсу па сваіх эскізах нанясуць графіці ў Гродне на пляцоўцы, вызначанай аргкамітэтам.
Конкурс будзе праходзіць у тры этапы. Першы – доўжыцца з 10 сакавіка па 1 красавіка 2020 года. У гэты час мы чакаем ад моладзі Дзятлаўшчыны конкурсныя заяўкі з эскізамі ў фармаце JPG ці на паперы фарматам А4 (не больш за шэсць ад адной каманды ці ўдзельніка). Прапануюцца наступныя тэматычныя намінацыі: “75-годдзе Вялікай Перамогі”, “Сучасны Гродна”, “Ведай свае карані”, “Экалогія. Прыродаахоўная дзейнасць”, “Здаровы лад жыцця”. Заяўкі і работы можна высылаць на электронны адрас: brsmgr@mail.ru або па адрасе: г. Гродна, вул. Савецкая, 31 (абласны камітэт ГА “БРСМ”) ці прадастаўляць у Дзятлаўскі раённы камітэт ГА “БРСМ” па адрасе: г. Дзятлава, вул. Леніна, 18 (тэлефоны для даведак: 2-52-63, 2-52-61).
З 1 па 10 красавіка, на другім этапе конкурсу, журы вызначыць па адной лепшай рабоце ў кожнай з пяці намінацый. У красавіку-маі пераможцы намалююць свае работы па эскізах падземным пераходзе ў раёне аўтавакзала горада Гродна – менавіта гэта месца выбрана пляцоўкай для правядзення заключнага этапу конкурсу.
Ірына КАЎКЕЛЬ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup