Моладзь стартуе ў прафесію

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Як працуюць маладыя спецыялісты нашага раёна?

Аб чым мараць? Якой бачаць сваю будучыню? Чаго дабіваюцца ў выбранай прафесіі? Пра гэта карэспандэнт пагутарыла з маладымі людзьмі, якія прыехалі на Дзятлаўшчыну па размеркаванні на першае працоўнае месца.

Вікторыя Орсік, выхавальніца ясляў-сада № 1 горада Дзятлава:

– Я скончыла Ваўкавыскі педагагічны каледж, па размеркаванні прыехала працаваць у Дзятлава, бо гэта мой родны горад. Цяпер вучуся завочна па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце. Працаваць у дзіцячым садку вельмі падабаецца: тут дружны і зладжаны калектыў. Я выхавальнік спецыяльнай групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Група новая, працуе з гэтага года, таму самой многаму даводзіцца вучыцца, што даволі цікава. Упэўнена: з выбарам прафесіі я не памылілася. У сваёй спецыяльнасці бачу толькі плюсы. Калі разважаць пра далейшыя планы, то пасля атрымання вышэйшай педагагічнай адукацыі, мяркую вывучыцца і на дэфектолага. У вольны ад работы час люблю чытаць і падарожнічаць. Мару пабыць у іншых дашкольных установах не толькі нашага раёна, але і рэспублікі, каб пераймаць самае цікавае і карыснае для дзетак у лепшых педагогаў-выхавальнікаў.

Маладым спецыялістам жадаю быць вернымі выбранай справе, знайсці сябе ў прафесіі, поспехаў усім і самаразвіцця.

Аляксандр Хадарожа, брыгадзір вытворчай брыгады ў раслінаводстве КСУП “Жукоўшчына”:

– Працую ў гаспадарцы першы год. Трапіў сюды па размеркаванні пасля заканчэння Навагрудскага аграрнага каледжа па спецыяльнасці “Аграном”. Жыць у сельскай мясцовасці някепска: шмат часу бавіш на свежым паветры, пастаянна кантактуеш з людзьмі, удасканальваеш атрыманыя навыкі і веды на практыцы. Адзінае, з чым пакуль вельмі цяжка змірыцца – адсутнасць выхадных дзён у сезон. Што тычыцца быту, то добраўпарадкаваным жыллём мяне забяспечылі. У ліку маіх захапленняў – спорт. Раней гуляў у складзе футбольнай каманды. З далейшымі планамі поўнасцю не вызначыўся, мяркую, ці не атрымаць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці. Далёка не загадваю, але дакладна ведаю, чаго хачу ў бліжэйшы час: з’ездзіць на адпачынак.

Маладым спецыялістам жадаю быць актыўнымі, дабівацца пастаўленых мэтаў, займацца той справай, якая падабаецца.

Юлія Жыдкова, бухгалтар ААТ “Граніт-Агра”:

– Родам я з Брэсцкай вобласці, скончыла Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, па размеркаванні трапіла ў ААТ “Граніт-Агра”, аб чым не шкадую. Працуючы ў гэтай гаспадарцы, пазнаёмілася з будучым мужам. Ён інжынер. Цяпер стаім у чарзе на атрыманне свайго жылля. Плюсам выбранай прафесіі лічу тое, што працаваць мне па-ранейшаму цікава, мінусам – што пакуль крыху складана разбірацца ў тонкасцях бухгалтарскіх спраў, але вопыт паступова назапашваецца. У “Граніце” шмат моладзі, свая трэнажорная зала. У вольны час мы гуляем у валейбол і тэніс, актыўна ўдзельнічаем у раённых мерапрыемствах. Калі разважаць пра будучыню, то гадоў праз дзесяць бачу сябе матуляй дваіх дзяцей, добрай жонкай і, магчыма, галоўным бухгалтарам. Сярод запаветных мараў – крыху пападарожнічаць, пакуль маладыя.

Я жадаю маладым спецыялістам раёна быць актыўнымі, адкрытымі, добразычлівымі, спагадлівымі, не баяцца праяўляць сябе ў прафесіі.

Гражына Даўкшыс, доктар-тэрапеўт тэрапеўтычнага аддзялення Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы:

– Я родам з аграгарадка Жукоўшчына, скончыла Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт па кваліфікацыі “лячэбная справа”. Вельмі задаволена, што на першае месца работы прыехала ў родны раён. Праўда, напачатку працаваць было цяжкавата, але за некалькі месяцаў адаптавалася. У нас дружны калектыў. Калі мне патрабуецца парада ці падказка, на дапамогу прыходзіць загадчыца аддзялення Анастасія Аляксандраўна Мялешка, шмат мне дапамагала Жанна Чаславаўна Радзько. Сярод маіх прафесійных планаў – атрымаць у далейшым больш вузкую спецыялізацыю, напрыклад кардыёлага ці эндакрынолага. У вольны час езджу да мужа. Ёе карэнны жыхар Гродна, па спецыяльнасці інжынер-будаўнік, працуе ў родным горадзе. Пасля адпрацоўкі і я, безумоўна, паеду жыць у абласны цэнтр. Калі казаць пра захапленні, то люблю спяваць. Раней іграла на фартэпіяна, цікава было б навучыцца іграць і на гітары.

Маладым спецыялістам я жадаю быць паспяховымі, цярплівымі, не адступаць перад цяжкасцямі, верыць ва ўласныя сілы. А самае галоўнае – заставайцеся людзьмі. Удачы вам у жыцці і прафесіі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup