Настаўніца першая мая. Так пра Наталлю Пятроўну Кашко, настаўніцу пачатковых класаў Ахонаўскай школы, кажуць не толькі яе вучні.
Яна вучыла і сваіх абедзвюх дачок: мама і настаўніца адначасова.
Дачка Ірына прыгадвае свой першы школьны дзень з усмешкай, калі на просьбу настаўніцы назваць сябе, абурылася: мама, ты ж мяне ведаеш!
З таго часу мінула шмат гадоў. Ірына сама стала настаўніцай, усё жыццё адпрацавала з дзецьмі, і матуліна навука была дарэчы. Ды не толькі ёй. Многія вучні Наталлі Пятроўны звязалі свой лёс з педагогікай, як і ўнучка Алена.
Трэці дзень у хаце юбіляркі раз-пораз звініць тэлефон. Былыя вучні віншавалі і напярэдадні, 7 сакавіка, і 8 сакавіка са святам. А 9 сакавіка Наталля Пятроўна прымала віншаванні з 90-м днём нараджэння.
Павіншаваць яе не забыліся і педагогі-ветэраны. У гасцях у калегі пабылі намеснік старшыні раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Яўгенія Рыгораўна Савань і старшыня савета ветэранаў Раклевіцкай школы Яніна Вячаславаўна Сёмуха. Яны прывезлі юбілярцы падарунак ад райкама прафсаюза работнікаў адукацыі, кветкі.
Цюльпанамі застаўлены ўсе вазы ў хаце. Гэта прыходзілі павіншаваць былыя вучні, ведаючы вялікую любоў першай настаўніцы да кветак. Нават на вуліцы ля плота да юбілея гаспадыні распусціліся “першацветы”, радуючы сваёй пяшчотай і вясновай смеласцю, бо на календары ж толькі 9 сакавіка.
Пакуль госці з цікавасцю разглядалі шматлікія фотаздымкі, якія ім паказвала дачка Наталлі Пятроўны – Ірына, юбілярка пагадзілася адказаць на пытанні карэспандэнткі. Не на 90, як пажартавалі, а на дзевяць.
- Калі б заўтра давялося весці ўрок у пачаткоўцаў, што б прапанавалі ім?
– Урок роднай мовы, якую трэба ведаць і шанаваць. А яшчэ з задавальненнем правяла б урок спеваў. Некалі нават тэхработніцы прыадчынялі дзверы ў клас і слухалі, як мае выхаванцы спяваюць.
А цяпер, калі збіраецца наша вялікая сям’я, ахвотна спяваем. У нас, можна сказаць, сямейны ансамбль: я ўмею іграць на мандаліне, дачка і ўнучка – на акардэоне, яшчэ дзве ўнучкі — на балалайцы і фартэпіяна.
- Вас вучні калі-небудзь даводзілі да слёз?
– Не прыгадаю такога. Мабыць, час быў іншы. Настаўнік быў і ў школе, і ў вёсках аўтарытэтным. Навучаліся ў мяне дзеці не толькі з Ахонава, а і з Марозавічаў, Яцукоў, Клішавічаў.
Не ўсім давалася навука аднолькава, засмучалася, калі штосьці не ўдавалася. Але каб дзеці даводзілі настаўніка да слёз – не было такога. У мяне ў класе была дысцыпліна асэнсаваная: не таму, што дзеці баяліся, а таму што паважалі.
Слёзы калі часам і былі, то ад радасці, ад гонару. Вось, да прыкладу, адразу чацвёра маіх першых вучняў закончылі школу з залатым медалём.
- За што паставілі б сабе выдатную адзнаку?
– За тое, што змагла зацікавіць вучобай, даць вучням першапачатковыя трывалыя веды.
- А двойку паставілі б сабе за што?
– Можа, часам была на ўроках і залішне строгая. Але як жа без гэтага? Не, двойкі не вартая, бо хвалілі мяне за дысцыпліну і бацькі, і дырэктар. А слова тагачаснага дырэктара школы Васіля Дзмітрыевіча Ільінскага было важкім.
- Якую галоўную параду, зыходзячы са свайго 43-гадовага педагагічнага вопыту, можаце даць сённяшнім маладым педагогам?
– Быць справядлівымі: умець своечасова пахваліць нават “лянівага”, калі ён таго заслугоўвае.
- Цяпер многія змяшчаюць фотаздымкі ў сацыяльных сетках. Калі б давялося скарыстацца, напрыклад, “Аднакласнікамі”, якім фота хочаце падзяліцца?
– Фотаздымкам нашай былой драўлянай школы, якой ужо, на жаль, няма. У майго вучня Пашы Таўкуна ён захаваўся: каля школы стаю я са сваім класам. Паша павялічыў фота, падпісаў, аздобіў рамкай і падарыў мне на юбілей.
Ёсць у мяне і наша сямейнае “фотадрэва”, якое падарылі ўнукі. Таксама памятны і прыемны падарунак.
- Вам, як першай настаўніцы, усё жыццё дарылі кветкі, а ёсць самыя любімыя?
– Так, гэта гладыёлусы. Менавіта з іх і пачынаўся новы навучальны год. А ўвогуле, кветкі вельмі люблю і ахвотна займаюся імі. Родныя падтрымліваюць маё захапленне і часта прывозяць адмысловае насенне ці цыбуліны. Нават аднойчы прыдбалі для мяне галандскія цюльпаны.
- Вы маеце за плячыма 90 гадоў, а які з іх самы-самы шчаслівы?
– 1954-ы. Сустрэла, пакахала і замуж пайшла за свайго Мікалая Іванавіча. Пражылі дружна. 64 гады былі разам. Два гады, як яго не стала, добрага, цярплівага, стараннага чалавека, які ўсё жыццё адпрацаваў на чыгунцы.
Я ў Ахонаве засталася, сустрэўшы яго, бо сама з Навагрудчыны. Хату тут пабудавалі, дзвюх дачок выгадавалі, адукацыю ім далі. Ёсць чацвёра ўнукаў і чацвёра праўнукаў.
- Калі б была магчымасць пачаць жыццё з чыстага ліста, ці абралі б іншую прафесію, можа, не пра настаўніцтва марылі?
– Не. Я змалку хацела стаць настаўніцай. Пасля чатырох класаў мая матуля сказала: распісвацца ўмее і досыць той навукі. А мая старэйшая сястра Соф’я забрала мяне ў Навагрудак, дзе я закончыла школу, потым педагагічнае вучылішча. Па размеркаванні трапіла на Дзятлаўшчыну, дзе і прайшло ўсё мае “педагагічнае жыццё”.
Па-шчырасці, у дзевяць пытанняў немагчыма ўкласціся, каб расказаць пра чалавека, але, спадзяюся, нашы чытачы зразумелі, наколькі Наталля Пятроўна жыццелюбівы, творчы чалавек, любімая матуля і бабуля, клапатлівая і гасцінная.
На развітанне самае апошняе пытанне задала дачцэ Ірыне: чаго яна зычыць самаму дарагому чалавеку?
– Каб матуля жыла доўга-доўга! – самае запаветнае жаданне.
Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ