Танкіст, трактарыст, ардэнаносец. І ўсё гэта пра яго — Іосіфа Снягурскага

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Напярэдадні свята – Дня абаронцаў Айчыны – да Іосіфа Снягурскага завіталі госці: прыехалі яго землякі з Мяляхавіцкага сельсавета.

Для віншаванняў нагода важкая: Іосіф Уладзіміравіч не толькі былы танкіст, заслужаны калгаснік, але і юбіляр. Яму споўнілася 90 гадоў.

З адметнай падзеяй павіншавалі юбіляра старшыня Мяляхавіцкага сельвыканкама Вера Добыш, галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце КСУП “Белагурна” Андрэй Добыш, работнік культуры Святлана Венская. Яны ўручылі Іосіфу Уладзіміравічу кветкі, падарунак і нават паспявалі песні пад баян. Такой увазе і прыемнаму сюрпрызу юбіляр быў вельмі рады, бо жыве цяпер не на радзіме, а непадалёку ад сына, у вёсцы Баравікі.

Распытваў пра знаёмых з Мяляхавічаў, Белагурна, дзе прайшло ўсё яго жыцццё. Свае родныя мясціны пакідаў Іосіф Уладзіміравіч надоўга толькі ў маладосці, калі прызвалі на службу ў войска. Патрапіў у вучэбку ў Чэлябінск. Навучаўся там вясковы хлопец абслугоўваць танкі і кіраваць імі. А служыць давялося каля Слуцка. Было гэта на пачатку 60-х.

І нават цяпер, амаль праз 70 гадоў, былы камандзір танка можа падрабязна расказаць, чым адметны Т-34, ІСУ-152 ці ІС-3. Многія мадэлі даводзілася абсталёўваць, абкатваць, а затым адпраўляць на месцы прызначэння.

ІС-3 – мой любімы танк. Можна сказаць, сімпатычны. А як па лесе ідзе, то аж хвойкі “ляцяць”, — з захапленнем расказваў Іосіф Уладзіміравіч нам, прысутным.

На той час — унушальная тэхніка. Распрацоўвалі ў час Вялікай Айчыннай вайны, а ў вытворчасць запусцілі перад самай перамогай. Паваяваць баявая машына не паспела, таму лічыцца адным з першых пасляваенных савецкіх танкаў. Верхняя частка корпуса адметная, вось і атрымаў танк мянушку “шчука”.

Менавіта на вайсковай службе, асвойваючы цяжкую ваенную тэхніку, Іосіф Снягурскі атрымаў вадзіцельскае майстэрства і вопыт. Таму калі вярнуўся дахаты, былому танкісту адразу далі трактар.

Спрабавалі пазней даручыць брыгадзірства, але праз пару месяцаў Іосіф Уладзіміравіч катэгарычна адмовіўся. Душа хінулася да тэхнікі. І не было ў саўгасе “Мяляхавічы” той машыны, трактара ці камбайна, на якім бы не мог працаваць Снягурскі.

Працаваў старанна, пра што сведчаць узнагароды — граматы, падзякі, пасведчанні пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва. А самая важкая яго працоўная ўзнагарода – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Беражэ і шануе. Кажа, застанецца памяць унукам-праўнукам.

Іосіф Уладзіміравіч мае пяцёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў. А вось яго жонка Соф’я Вікенцьеўна і старэйшы сын з-за хваробы пайшлі з жыцця. 23 гады прайшло, як жыве адзін. Але пастаянна прыязджаюць сын Міхаіл і нявестка Святлана з Дзятлава. Не забываюць і мінчане, у сталіцы жыве другі сын. Летам тут любяць адпачываць усе, асабліва ўнукі. Мясціны грыбныя, нездарма ж называюць Баравікамі.

Перабраўшыся сюды, бліжэй да сына, Іосіф Уладзіміравіч “разведаў” усё наваколле. У хаце яму не сядзіцца: занятак знойдзе каля дома або ідзе па лясных сцяжынках. Кажа, і па 10 кіламетраў можа находжваць, ногі пакуль не падводзяць. Сваім родным Іосіф Уладзіміравіч сказаў:

Пашпарт да 100 гадоў далі? Далі! Трэба дажываць!

Менавіта прычакаць яшчэ многіх вёснаў пажадалі юбіляру і былому танкісту яго землякі. І праз 10 гадоў месца сустрэчы тое ж Баравікі!

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ