На Дзятлаўшчыне праходзіць турнір па міні-футболе

Свежыя навіны Спорт і турызм

Папулярызацыя і маштабнае развіццё гульні ў футбол  на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна сёлета працягвае набіраць абароты і прапаноўвае маладому пакаленню спартсменаў чарговыя спаборніцтвы і новыя праекты.

Так, 31 студзеня на Дзятлаўшчыне стартаваў турнір па міні-футболе ў праграме адкрытага першынства Дзятлаўскай ДЮСШ сярод юнакоў 2005-2007 гадоў нараджэння.

Папулярызацыя футбола сярод падлеткаў, павышэнне ўзроўню майстэрства гульні, выяўленне наймацнейшых каманд і найбольш перспектыўных ігракоў для далейшага іх удзелу на абласных этапах футбольных спаборніцтваў – такія задачы ставяць перад сабой  арганізатары спартыўнага мерапрыемства.

Усяго ў турніры прымаюць удзел сем юнацкіх зборных. Прэтэндэнты на перамогу – каманды “Фантазёры”, “Нёман”, “Барселона”, “ПСЖ”, “Мілан”, “Pony”, “Казлоўшчына”. У складзе кожнай каманды выступаюць выхаванцы аддзялення  футбола Дзятлаўскай ДЮСШ.

Чакаецца, што на працягу ўсяго адкрытага першынства па міні-футболе пройдуць 14 турнірных сустрэч.

Гульні праходзяць на міні-футбольнай пляцоўцы стадыёна “Колас” і ў спартыўных залах сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.

Матчы праводзяцца па кругавой сістэме па правілах міні-футбола, пры гэтым колькасць замен сярод ігракоў не абмежавана. Згодна з рэгламентам, працягласць тайма складае 15 хвілін. Пераможца і прызёры турніру вызначацца па найбольшай колькасці ачкоў. У выпадку роўнай колькасці балаў у трох і больш каманд, пераможца, як і раней, вызначыцца па колькасці перамог, розніцы забітых і прапушчаных мячоў як паміж камандамі, так і ва ўсіх футбольных сустрэчах.

Першы тур спаборніцтваў адбыўся адразу пасля афіцыйнай цырымоніі адкрыцця. Мяч  разыгралі каманды “Мілан” і “Фантазёры”. З лікам 9 : 2 перамогу атрымалі футбалісты  “Мілана”. Адметным выніковым лікам з розніцай у восем забітых мячоў скончыўся і наступны матч, у якім сустрэліся каманды “Нёман” і “ПСЖ” – 10 : 2.  Перамога на баку “Нёмана”. Трэцім у гэты дзень прайшоў матч “Барселона” – “Pony”. Лік 4 : 4 стаў фінальнай кропкай футбольнай сустрэчы паміж камандамі.

Другі тур спаборніцтваў прайшоў 6 лютага.

З лікам 2 : 1 сыгралі матч каманды “Барселона” – “Мілан”.

Фінальным лікам 1 : 3 – на карысць “ПСЖ” скончылася гульня паміж камандамі “Pony” – “ПСЖ”. “Фантазёры” – “Неман” завяршылі матч з лікам 6 : 2.

Галоўны суддзя турніру – трэнер-выкладчык Дзятлаўскай ДЮСШ Уладзімір Ганчар.

– Уладзімір Юр’евіч, у чым важнасць дзіцячага спорту, камандных спаборніцтваў, чаго чакаеце вы і вашы выхаванцы ад турніру?

– Ні для каго не сакрэт, што жаданне далучацца да спорту і здаровага ладу жыцця павінна выхоўвацца ў падрастаючага пакалення з самага ранняга ўзросту. Для таго, каб жаданне не засталося ў жыцці дзяцей усяго толькі жаданнем, неабходна даваць імпульс для далейшага развіцця іх спартыўных здольнасцей.  Менавіта таму Дзятлаўская ДЮСШ выступае ў якасці ключавога арганізатара спартыўных спаборніцтваў для школьнікаў.

Што тычыцца важнасці камандных спаборніцтваў, адзначу, што ў іх ігракі могуць праяўляць ініцыятыву і прымаць як уласныя, так і сумесныя рашэнні, якія, у сваю чаргу,  напрамую ўплываць на вынік гульні.

Калі гаварыць пра дзяцей, якія прымаюць удзел у сёлетнім турніры адкрытага першынства па міні-футболе Дзятлаўскай ДЮСШ, то займаюцца футболам яны ўжо не першы год і знаходзяцца на стадыі паглыбленай падрыхтоўкі. На дадзеным этапе асабіста я задаволены іх вынікамі – відаць, што выхаванцы імкнуцца развівацца. Яны паказваюць высокую працаздольнасць, варыятыўнасць валодання тэхнікай гульні, дэманструюць уласную тактыку.

Ад турніру чакаем, што ўсе матчы будуць дынамічнымі, напружанымі і выніковымі. Працуем на перспектыву, хочам, каб нашы выхаванцы годна прадставілі нашу школу на абласных спаборніцтвах.

Да актыўнага ўдзелу запрашаем заўзятых аматараў футбола.

Трэці тур спаборніцтваў пройдзе 8 лютага, чацвёрты і пяты – 14 і 15 лютага. Гульні адбудуцца  на стадыёне “Колас” у горадзе Дзятлава.

Больш падрабязна азнаёміцца з часам і месцам правядзення матчаў можна на сайце Дзятлаўскай ДЮСШ.

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў юнацкіх каманд, а таксама лепшых ігракоў адбудзецца  ў ходзе правядзення фінальнага этапу адкрытага першынства Дзятлаўскай ДСЮШ, які пройдзе 21 сакавіка на стадыёне “Колас” у Дзятлаве.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Фота прадстаўлена трэнерам-выкладчыкам ДЮСШ Уладзімірам ГАНЧАРОМ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup