Многім цікава даведацца, як паступіць у адну з прэстыжных навучальных установаў краіны – Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь.
Аб гэтым расказаў намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Ігар Хітро.
– Акадэмія МУС – адна з дзвюх беларускіх ВНУ, якія рыхтуюць кадры для органаў унутраных спраў. Вучацца тут чатыры гады на дзённай форме або пяць – на завочнай. Выбраць можна адну з трох асноўных спецыяльнасцяў: “Правазнаўства” з прысваеннем кваліфікацыі “юрыст”, “Эканамічнае права” (юрыст з веданнем эканамічнага права), “Судова-крыміналістычныя экспертызы” (судовы эксперт-крыміналіст, юрыст).
– Якіх спецыялістаў рыхтуюць на факультэце міліцыі?
– Тут ажыццяўляецца навучанне па спецыяльнасцях “Эканамічнае права” і “Правазнаўства”, якое ў сваю чаргу дзеліцца на спецыялізацыі “Аператыўна-вышуковая дзейнасць” і “Адміністратыўна-прававая дзейнасць”. Па першай рыхтуюць супрацоўнікаў для падраздзяленняў крымінальнай міліцыі (крымінальнага вышуку, наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі), па другой – участковых інспектараў ці супрацоўнікаў ДАІ. Па спецыяльнасці “Эканамічнае права” праходзяць навучанне будучыя супрацоўнікі падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.
– Што трэба ведаць тым, хто збіраецца паступаць у Акадэмію?
– Да 15 красавіка абітурыенту неабходна самому прыйсці ў аддзел унутраных спраў і падаць заяву з просьбай накіраваць яго ў якасці кандыдата для паступлення ва ўстанову адукацыі МУС. У адносінах абітурыента і яго блізкіх родных будзе праведзена спецправерка. Кандыдат павінен таксама прайсці ваенна-ўрачэбную камісію для вызначэння ступені годнасці.
– Якія іспыты чакаюць будучых праваахоўнікаў?
– У форме цэнтралізаванага тэсціравання давядзецца здаць рускую ці беларускую мову (на выбар), грамадазнаўства, замежную мову. Мінімальны парог дапушчальных балаў, з якімі можна падаваць дакументы, вызначаны Міністэрствам адукацыі. У прыёмную камісію, акрамя арыгіналаў сертыфікатаў ЦТ, неабходна падаць пашпарт, арыгінал дакумента аб адукацыі, а калі ёсць права на льготы – дакумент, які яго пацвярджае.
– Што гэта за льготы?
– Па-першае, залічэнне без уступных іспытаў для пераможцаў міжнароднай ці рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве (калі выбрана спецыяльнасць “Судова-крыміналістычныя экспертызы”). Без экзаменаў могуць паступаць выпускнікі Мінскага сувораўскага ваеннага і кадэцкага вучылішчаў, спецыялізаванага ліцэя МНС, якія ў год паступлення скончылі гэтыя ўстановы з адзнакай “7” і вышэй па ўсіх прадметах вучэбнага плана.
Па-другое, залічэнне па-за конкурсам, калі абітурыенты здаюць ЦТ, а ў дакуменце аб адукацыі маюць адзнакі не ніжэй за 6 балаў. Ільгота прадугледжана для дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, выпускнікоў кадэцкіх вучылішчаў, дэмабілізаваных ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы, якія маюць рэкамендацыю камандавання вайсковай часці.
Па-трэцяе, пераважнае права пры залічэнні. Ім могуць скарыстацца выпускнікі агульнаадукацыйных установаў, з якімі ў акадэміі МУС заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве (выпускнікі прававых класаў); пераможцы моладзевага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” (пры паступленні на спецыяльнасці па профілю конкурснага праекта); члены валанцёрскага руху БРСМ “Добрае Сэрца” (неабходны членскі білет і рэкамендацыя БРСМ).
– Калі адбудзецца залічэнне ў Акадэмію?
– 28 ліпеня 2020 года пасля заключэння з кожным абітурыентам кантракта на перыяд навучання і пяць гадоў, якія давядзецца абавязкова адпрацаваць у органах унутраных спраў пасля заканчэння Акадэміі.
– Чым прэстыжна прафесія праваахоўніка?
– Яе “бонусы” – якасная юрыдычная адукацыя, поўнае дзяржаўнае забеспячэнне ў час вучобы ў акадэміі, гарантаванае працаўладкаванне па спецыяльнасці, дастойная зарплата, сацыяльныя гарантыі, магчымасць кар’ернага росту.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup