Урокі бяспекі ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва

Грамадства Свежыя навіны

У аўторак на базе аддзялення Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна прайшло чарговае пасяджэнне ўдзельнікаў клуба “Пазнайка”.

Вітальныя словы прагучалі ад Галіны Касцюк, загадчыцы аддзялення дзённага знаходжання, да грамадзян пажылога ўзросту. Яна прадставіла ўдзельнікам клуба гасцей пасяджэння, а менавіта намесніка начальніка разлікова-касавага цэнтра №22 Белаграпрамбанка Святлану Шафарэвіч і інспектара Дзятлаўскага РАНС Марту Мілаш. Паводле яе слоў, удзел работнікаў банка ў пасяджэннях стаў добрай штоквартальнай традыцыяй, бо, хто як не яны змогуць навучыць быць фінансава адукаванымі?

 

Святлана Шафарэвіч расказала, як не трапіць на “вуду” махляроў, а таксама дала парады наконт таго, як абараніць асабістыя даныя і не быць падманутым. Акрамя таго, яна распавяла аб перавагах банкаўскіх картак і важнасці страхавання жыцця.

‒ Быў выпадак, калі жанчыне ў сацыяльных сетках прыйшло паведамленне ад знаёмага, з якім яна даўно не мела стасункаў. Гэта, вядома, быў махляр. Ён папрасіў нумар карткі, каб папоўніць баланс, бо нібыта яго ўласная картка чамусьці не працуе. Жанчына пагадзілася. Затым ашуканец папрасіў тры лічбы з карті, пашпартныя даныя і, у рэшце рэшт, код з смс. Такім чынам, ён стварыў рахунак у інтэрнэт-банкінгу і змог скрасці грошы, ‒ падзялілася гісторыяй Святлана Шафарэвіч.

Інспектар Дзятлаўскага РАНС Марта Мілашў рамках акцыі “Бяспечны Новы год” расказала аб бяспецы ў зімовы перыяд, як паводзіць сябе на лёдзе, як не дапусціць пажару з-за гірляндаў і траўмаў з-за піратэхнікі. Выступленне яна дапоўніла тэматычнымі відэаролікамі. Завяршыўся ўрок бяспекі, расповедам пра тое, што такое аўтаномны пажарны апавяшчальнік і як правільна ім карыстацца. Па яе словах, своечасова ўсталяваны апавяшчальнік толькі за мінулы год змог выратаваць больш за дзясятак жыхароў раёна.

Пасяджэнне завяршылася чаяваннем і тэматычнымі конкурсамі, мэта якіх ‒ больш глыбока засвоіць матэрыял.

 

Марыя ПАПОВА