З 90-ай восенню, Ганна Кузьмінічна!

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У акцыі “Клопат”, скіраванай на аказанне дапамогі і маральнай падтрымкі  пажылым людзям, прымаюць актыўны ўдзел грамадскія арганізацыі нашага раёна.

У лістападзе старшыня раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар, сакратар арганізацыі Ядзвіга Гушча з падарункамі і віншаваннямі завіталі ў Казлоўшчынскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Тут да іх далучыліся дырэктар установы Ігар Ціхан і персанал. Нагода была ўрачыстая: 90-ы дзень нараджэння святкавала пацыентка інтэрната Ганна Кузьмінічна Робата.

Родам юбілярка з Расійскай Федэрацыі. Нарадзілася яна ў Шабалінскім раёне Кіраўскай вобласці ў далёкім 1929 годзе. Пражыла нялёгкае, поўнае іспытаў жыццё, апаленае вайной. Сямігадовай дзяўчынкай пачала працаваць у калгасе, прадоўжыла працоўную дзейнасць і ў цяжкія гады ваеннага ліхалецця. За гэта мае заслужаную ўзнагароду: Указам старшыні Вярхоўнага Савета СССР ад 6 чэрвеня 1945 года адзначана медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.” (пасведчанне № 394195, выдадзена 2 снежня 1946 года). Ганна Кузьмінічна з’яўляецца тылавіком. Нялітасцівы лёс адабраў у жанчыны двух сыноў. Сваю дзевяностую восень Ганна Робата сустракае пад мірным небам Беларусі, у Казлоўшчыне, дзе аб ёй клапоцяцца і жадаюць доўгіх гадоў жыцця.

Кветкі, цёплыя словы віншаванняў, яркія паштоўкі, смачныя торты і шчырая ўвага зрабілі юбілейны дзень нараджэння для Ганны Кузьмінічны адметным і радасным. І, нягледзячы на цяжар перажытых іспытаў і шаноўны ўзрост, жанчына ўсміхалася гасцям, з ціквасцю гутарыла з імі на розныя тэмы.

Ірына КАЎКЕЛЬ