Участкі пачалі працаваць. Прысутнічаюць наглядальнікі ад ОБСЕ

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У 8 гадзін раніцы па ўсёй нашай краіне адкрыліся выбарчыя ўчасткі для галасавання за кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: усяго – 5831 участак, у тым ліку 24 – на Дзятлаўшчыне.

Да адкрыцця ў 8 гадзін усё было падрыхтавана на Чырвонаармейскім выбарчым участку № 11. Камісія – у поўным складзе, апячатана і ўсталявана урна для бюлетэняў, пераносныя урны для галасавання на даму, раскладзены спісы выбаршчыкаў, бюлетэні, гатовы кабінкі.

На гэтым участку прысутнічаюць і сочаць за ходам выбараў наглядальнікі ад ОБСЕ з Харватыі і Расіі.

На ўчастку для галасавання № 11, які размешчаны ў першай дзятлаўскай школе, 1600 выбаршчыкаў. 18 чалавек галасуюць упершыню.

На ўчастак, як толькі ён адкрыўся, прыйшла першай прагаласаваць пенсіянерка Алена Міхайлаўна Лукіянец. Па даўняй традыцыі першаму наведвальніку ўчастка старшыня выбарчай камісіі Людміла Міхайлаўна Канавалік уручыла падарунак. Сувеніры падрыхтаваны і тым выбаршчыкам, хто галасуе ўпершыню.

Я прагаласавала за таго дэпутата, на якога спадзяюся, зазначыла Алена Лукіянец. Мяркую, што ён будзе думаць пра нас, старацца нам дапамагчы. Спадзяюся, што яго клопаты будуць скіраваны на нас, людзей у гадах, пенсіянераў.

На гэтым участку да паслуг наведвальнікаў гатовы і буфет. Ён, як і ўчастак, адкрыўся ў 8 гадзін.

 

Іна ЯЎСЕЙЧЫК



Теги: