Моладзь Дзятлаўшчыны далучылася да акцыі “Галасуй”.
На Кастрычніцкім участку для галасавання № 9, які знаходзіцца ў будынку сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава мы сустрэліся з першым сакратаром раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярынай Хілімончык і актывістамі моладзевай арганізацыі раёна.
Цікава было пачуць меркаванне маладых людзей, чаму яны ідуць на выбары і чаго чакаюць ад будучага дэпутата.
Валерыя Каралёва:
– Іду на выбары, бо гэта абавязак кожнага грамадзяніна, тым больш маладога чалавека – прагаласаваць за будучыню сваёй краіны.
Спадзяюся, што выбраны дэпутат будзе разумець праблемы моладзі, падтрымліваць лепшыя моладзевыя ініцыятывы. Хочацца, каб ён быў актыўным і дапамагаў людзям у вырашэнні самых складаных пытанняў.
Анастасія Цярэшка:
– Мы, моладзь, самая актыўная частка насельніцтва, нам не ўсё роўна, што адбываецца ў краіне, таму ідзём на выбары. Вельмі хочацца, каб Беларусь развівалася і была моцнай дзяржавай.
Ад будучага дэпутата чакаю ўвагі да людзей і іх праблем, адказнасці, прафесіяналізму. Гэта павінен быць кантактны чалавек, які ўмее выслухаць меркаванні іншых, супрацоўнічаць з усімі структурамі дзяржавы.
Ірына СТЫРНІК