Сельскі сход: папярэджанне надзвычайных сітуацый

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У Дзятлаўскім раёне прайшоў шырокамаштабны сельскі сход па пытаннях папярэджання надзвычайых сітуацый і гібелі людзей на іх.

Сустрэча ладзілася ў Мяляхавіцкім сельскім выканаўчым камітэце ў аграгарадку Белагурна. Да ўдзелу ў пасяджэнні былі запрошаны спецыялісты раённых установаў, работнікі добраахвотнага пажарнага таварыства, работнікі мясцовых арганізацый, жыхары аграгарадка.

Узначаліў сельскі сход і кіраваў сустрэчай старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.

Асноўным пытаннем інфармацыйнай сустрэчы стала абмеркаванне сітуацыі з пажарамі ў раёне. Начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык прывёў статыстычныя даныя аб пажарах, якія адбыліся ў раёне і Мяляхавіцкім сельсавеце. Давёў інфармацыю аб асноўных прычынах узнікнення пажараў і якія меры неабходна прымаць для таго, каб засцерагчы сябе, сваіх блізкіх і ўласную маёмасць ад бяды.

 

Як адзначыў Сяргей Сяргеевіч, асноўным месцам узнікнення пажараў з гібеллю ў іх людзей па-ранейшаму застаецца жылы сектар. Асноўныя прычыны гібелі – неасцярожнасць пры курэнні, адсутнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.

Супрацоўнікі РАНС заклікалі ўдзельнікаў мерапрыемства сачыць за спраўнасцю электраправодкі ў жылых памяшканнях, своечасовай заменай элементаў сілкавання АПА, не грэбаваць нормамі, якія прад’яўляюцца да пячнога ацяплення, быць пільнымі пры распальванні вогнішчаў, прытрымлівацца правілаў пажарнай бяспекі паблізу гаспадарчых пабудоў пры карыстанні электраабсталяваннем. Ратаўнікі прапанавалі своечасова ўстанаўліваць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, што дазволіць грамадзянам аператыўна прыняць меры па ліквідацыі ачагоў узгарання.

Для ўдзельнікаў схода былі прадэманстраваны кароткаметражныя дакументальныя стужкі па тэме пажарнай бяспекі, аб правілах арыентавання ў лясных масівах, неабходных дзеяннях у небяспечных умовах.

Аб праблемах бяспекі дзяцей і дарослых расказалі прадстаўнікі іншых службаў прафілактыкі раёна: галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская, начальнік Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Юрый Ганчар, інспектар Дзятлаўскай энергагазінспекцыі Вячаслаў Пятраш, загадчыца Дварэцкай амбулаторыі Наталля Карпенка, спецыяліст ЦСАН Дзятлаўскага раёна Таццяна Зінкевіч. Спецыялісты спыніліся на пытаннях бяспечнага карыстання і ўстаноўкі газавага абсталявання. Абмеркавалі пытанне недапушчэнні гвалту ў сям’і.

Асобна спыніліся на праблемах злачынстваў у інтэрнэт-прасторы. У час размовы начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканама Аляксандр Біль падкрэсліў: назіраецца павелічэнне колькасці інтэрнэт-злачынстваў, схемы іх учынення становяцца больш складанымі, парушальнікі ўдасканальваюць спосабы забеспячэння сеткавай ананімнасці, што ўскладняе работу аператыўных груп па вызначэнні месцазнаходжання зламыснікаў. Аляксандр Францавіч скіраваў увагу грамадзян на захаванне канфідэнцыйнасці інфармацыі з уласных банкаўскіх картак, кодаў і рахункаў, а таксама на небяспеку пры набыцці тавараў праз інтэрнэт-магазіны.

Старшыня Мяляхавіцкага сельвыканкама Вера Добыш расказала пра работу аглядавай камісіі на тэрыторыі сельсавета. Яна звярнулася да жыхароў аграгарадка Белагурна з просьбай не перашкаджаць доступу спецыялістаў ва ўласныя домаўладанні, быць неабыякавымі да тых здарэнняў, якія адбываюцца побач, своечасова папярэджаць органы ўлады, спецыялістаў аб небяспечных здарэннях.

Вынікі сустрэчы падвёў Аляксандр Бараноўскі. Старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў прапанаваў удзельнікам сходу ў прыватнай гутарцы са спецыялістамі задаць пытанні, якія іх цікавяць, атрымаць канкрэтныя рэкамендацыі.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ



Теги: