Калейдаскоп гісторыі жывой

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

29 кастрычніка свой 101 дзень нараджэння адсвяткаваў камсамол, прадаўжальнікам слаўных традыцый якога ў наш час з’яўляецца грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.

З гэтай нагоды і ў лепшых традыцыях моладзевага руху ў Раготнаўскім дзіцячым садзе-базавай школе было пасаджана памятнае дрэўца і ўсталявана шыльда.

Маладую елачку, якую прадаставіла Раготнаўскае лясніцтва, саджалі ветэраны камсамольскага руху – педагогі Валянціна Скок і Валянціна Момат, а таксама цяперашнія моладзевыя лідары – першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, педагог-арганізатар Дварэцкай сярэдняй школы Віталь Іванашка. Іх актыўна падтрымлівалі навучэнцы Раготнаўскага дзіцячага сада-базавай школы і Дварэцкай сярэдняй школы. Затым настаўнікі і дзеці сфатаграфаваліся разам каля памятнага дрэўца.

Незвычайна і цікава ў Раготне ў фармаце круглага стала праходзіла сустрэча ветэранаў камсамольскага руху і моладзевых актывістаў раёна “Сустрэча пакаленняў: лідары моладзі ўчора і сёння”. На яе гасцей з аграгарадка Дварэц запрасілі дырэктар школы Наталля Сівова і арганізатар мерапрыемства Надзея Каневега.

Камсамол – гэта подзвігі, вершы і песні, актыўная жыццёвая пазіцыя, мэтанакіраванасць, адметныя традыцыі. Узгадаць мінулае камсамола ўдзельнікаў круглага стала заклікалі вядучыя. Для большай нагляднасці выкарыстоўвалі слайды, відэастужкі, песенныя кліпы. Не менш цікава сённяшнім школьнікам было пагутарыць з ветэранамі камсамольскага руху, даведацца, што было самым запамінальным у іх камсамольскім юнацтве.

– 60-70-я гады сталі часам пад’ёму камсамола, – узгадала Валянціна Момат. Яна заклікала навучэнцаў прачытаць выдатны твор Мікалая Астроўскага “Як гартавалася сталь” і зазначыла, што камсамольцы таго часу імкнуліся да самаўдасканалення, да подзвіга на карысць свайго народа. Сам аўтар быў прыкаваны да ложка, але не здаўся, стаў пісьменнікам, натхняў іншых. Менавіта галоўнаму герою твора Паўку Карчагіну належаць выдатныя словы: “Галоўнае ў чалавека – гэта жыццё, і пражыць яго трэба так, каб не было пакутліва балюча за бессэнсоўна пражытыя гады”.

Валянціна Скок расказала, як складана было атрымаць камсамольскі білет, які сур’ёзны экзамен чакаў кожнага, хто ўступаў у арганізацыю. У яе прымалі годных, мэтанакіраваных людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і грунтоўнымі ведамі па гісторыі камсамола.

Навучэнцы пацвердзілі, што і сучасная моладзь мае актыўную пазіцыю, расказалі пра свае дасягненні ў валанцёрскай і праектнай дзейнасці.

Чым жывуць, да чаго імкнуцца ўдзельнікі Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ”, прысутныя даведаліся ад лідара абъяднання Кацярыны Хілімончык. Яна прадэманстравала тэматычны відэаролік, расказала аб дасягненнях моладзі нашага раёна, пазнаёміла з новымі рэспубліканскімі выданнямі “100 ідэй для Беларусі”, “В ритме летящих лет”.

Напрыканцы мерапрыемства яго ўдзельнікі зрабілі выснову, што многія прынцыпы, якія ляжалі ў аснове камсамольскага руху мінулых гадоў, застаюцца актуальнымі і для сучаснай моладзі.

Ірына КАЎКЕЛЬ