У Дзятлаве прайшоў кірмаш вакансій

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

24 ліпеня ў актавай зале Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна прайшоў чарговы кірмаш вакансій.

Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі сямі наймальнікаў нашага раёна, якія шукаюць работнікаў у свае арганізацыі. У іх можна было азнаёміцца са спісамі прапановаў, а таксама атрымаць кансультацыю па пытаннях далейшага працаўладкавання.

На пачатку мерапрыемства намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Савань раздала наймальнікам памяткі “Запрашэнне да супрацоўніцтва” і “Фінансавая падтрымка наймальнікаў”. Алена Мікалаеўна патлумачыла шэраг пытанняў, якія цікавілі спецыялістаў, расказала, у якіх выпадках і пры якіх умовах наймальнікі могуць разлічваць на кампенсацыю затрат на аплату працы работнікаў.

У час кірмашу вакансій кожны з саіскальнікаў мог атрымаць кансультацыю па пытаннях праходжання навучання па накіраваннях органаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і па арганізацыі самазанятасці. Беспрацоўным былі прадстаўлены спісы спецыяльнасцяў (прафесій) для навучання з гарантыяй наступнага працаўладкавання ў адну з арганізацый раёна. Таксама аддзел па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама для саіскальнікаў падрыхтаваў тэматычныя буклеты “Памятка пачынаючаму прадпрымальніку” і “Буклет па прафарыентацыі”.

У час мерапрыемства адказныя спецыялісты выслухалі кожнага беспрацоўнага індывідуальна і пастараліся адшукаць магчымыя варыянты працаўладкавання для кожнага канкрэтна. Па садзейнічанне ў пошуку работы звярнуліся сем жыхароў нашага раёна. Адзін з іх атрымаў кансультацыю аб магчымасці арганізацыі самазанятасці, у тым ліку рамеснай дзейнасці. Двум чалавекам прапанавалі работу ў Дзятлаўскім філіяле Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Яшчэ аднаму мужчыну прапанавалі на выбар дзве вакансіі без кваліфікацыі, якія яго не задаволілі, тады яму быў патлумачаны парадак звароту па садзейнічанне ў службу занятасці. Адзін з наведвальнікаў кірмашу вакансій меў папярэднюю дамоўленасць аб працаўладкаванні ў спажыўтаварыства, але мужчына не вельмі спяшаўся і ўпусціў некалькі тыдняў, за гэты час вакансію заняў іншы саіскальнік. Беспрацоўнаму таксама параілі звярнуцца ў службу занятасці. Вясной гэтага года з сельгаспрадпрыемства звольніўся яшчэ адзін жыхар раёна. На кірмашы вакансій яго цікавіла работа дворнікам, аднак такой не аказалася ў раённай базе прапановаў. Мужчыну прапанавалі паспрабаваць наняцца вадзіцелем у гаспадарку, дзе ён працаваў раней, паколькі там ёсць месцы, або зарэгістравацца ў службе занятасці. Апошняй да спецыялістаў звярнулася жанчына, якая шукала работу без кваліфікацыі, ёй прапанавалі вакансію прыбіральшчыцы ў ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод”.

Увогуле, прысутныя прадстаўнікі наймальнікаў “выставілі” на кірмаш вакансій 119 прапановаў, у тым ліку ім патрабаваліся 37 некваліфікаваных работнікаў, таму пры жаданні можна было зрабіць выбар.

Ірына СТЫРНІК



Теги: