Прыязджаючы ў любы горад, я перш за ўсё імкнуся наведаць мясцовыя музеі.
У іх засяроджана і манументальна захавалася сама гісторыя старонкі, краю, рэгіёна. У іх нібы спынілася і адначасова жыве само дыханне часу. Асаблівы гонар, патрыятызм адчуваеш у ваенным музеі. І як добра, што залы, пакоі, экспазіцыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, ёсць амаль ва ўсіх гісторыка-патрыятычных музеях Беларусі. Больш таго, ваеннныя экспазіцыі адкрыты ў многіх школах краіны, не можа не радаваць, што там эксурсіі праводзяць юныя эксурсаводы.
Тут мы бачым бясцэнныя рарытэты, знаёмімся з ваеннымі хронікамі гарадоў, пасёлкаў і вёсачак Беларусі. Тут захоўваюцца ўспаміны салдат, партызанаў і падпольшчыкаў, вязняў лагераў і мірных жыхароў.Перад наведвальнікамі паўстаюць як драмы асобных жыццяў, так і трагедыя ўсяго беларускага народа. Тут мы знаёмімся з тымі маленькімі перамогамі, з якіх і складалася Вялікая Перамога. І як добра, што кожны раён нашай Бацькаўшчыны захоўвае гэтую святую памяць. Як самыя дарагія госці тут сёння і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якіх, на жаль, з кожным годам становіцца менш.
Я раю кожнаму, хто падарожнічае па Беларусі, абавязкова наведваць ваенныя музеі, сур’ёзна знаёміцца з калекцыямі, прыводзіць у музеі сваіх дзяцей і ўнукаў. Нам, беларусам, ні на хвіліну нельга забываць, што ў гэтыя страшныя гады Беларусь страцілакалятрохмільёнаў чалавек, у тым ліку амаль 50 тысяч партызан і падпольшчыкаў. На тэрыторыі краіны дзейнічалі 250 лагераў смерці, сярод якіх сумна вядомы “Трасцянец”.
Нядаўна я пабываў у Гомельскім музеі ваеннай славы, які быў створаны 16 лютага 2004 года, а 25 красавіка 2005 года быў адкрыты поўны комплекс ваенна-гістарычнай экспазіцыі. Экспанаты адлюстроўваюць ваенную гісторыю Гомельшчыны са старыжытнасці да нашых дзён.
У горадзе над Дзвіной добра вядомы Віцебскі музей Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова. У музеі я даведаўся пра дзіцячыя і юнацкія гады М. П. Шмырова, яго працоўную і грамадскую дзейнасць у даваенны перыяд, арганізацыю партызанскага руху на тэрыторыі былога Суражскага раёна ў Вялікую Айчыннную вайну. У музеі ёсць матэрыялы пра ўзаемадзеянне партызан і лётчыкаў 105-га асобнага гвардзейскага ордэна Аляксандра Неўскага Панявежскага авіяпалка, пра вызваленне Віцебска ў выніку аперацыі “Баграціён”.Працягам экспазіцыі з’яўляецца мемарыяльны парк, размешчаны побач з будынкам музея.
Завіталі мы з сябрамі і ў музей бітвы за Днепр, што быў адкрыты ў Лоеве 9 мая 1985 года ў гонар 40-годдзя Перамогі. Разам з пляцоўкай баявой тэхнікі на беразе Дняпра ён стаў мемарыяльным помнікам усім удзельнікам Дняпроўскай аперацыі. Фонд налічвае звыш чатырох тысяч экспанатаў.
Мне пашчасціла тройчы наведаць музей абароны Брэсцкай крэпасці. У фондах музея захоўваюцца ўнікальныя прадметы з раскопак, асабістыя рэчы, якія належалі абаронцам крэпасці. І ў ХХІ стагоддзі мы не можам не ганарыцца гераізмам воінаў Брэсцкага гарнізона. Акрамя таго,у музеі абавязкова раскажуць і пра чалавека, які адкрыў для шырокай грамадскасці герояў крэпасці – гэта пісьменнік Сяргей Смірноў.
У Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны я пабываў ужо чатыры разы. Гэта адзін з найбуйнейшых ваенных музеяў, адзін з самых важных нацыянальных цэнтраў патрыятычнага выхавання. Ён размешчаны каля абеліска “Мінск – горад-герой”. Музей са стэлай складае адзіны функцыянальны і архітэктурны ансамбль. Адметна, што будынак складаецца з чатырох асноўных блокаў, якія сімвалізуюць чатыры гады вайны, чатыры франты, якія вызвалялі Беларусь. Залы размяшчаюцца паводле храналогіі ваенных дзеянняў, аднак іх аб’ядноўвае адна вялікая зала пад назвай “Дарога вайны”.
Давайце і мы пройдзем музейнымі ваеннымі дарогамі. Давайце разам падарожнічаць па ваенных музеях Бацькаўшчыны.
Канстанцін КАРНЯЛЮК