Бронзавая перамога

Свежыя навіны Спорт і турызм

Спаборніцты  першынства вобласці па футболе сярод юнакоў 2005-2007 гадоў нараджэння, якія прайшлі ў чэрвені ў  рамках абласной спартакіяды “Каласок” сярод сельскіх жыхароў, ладзіліся ў розных рэгіёнах вобласці.

Зборная каманда Дзятлаўскага раёна стала бронзавым прызёрам першынства вобласці па футболе і паднялася на трэцюю прыступку п’едэстала. Каманду Дзятлаўшчыны прадставілі  выхаванцы з пяці ўстановаў адукацыі раёна: Максім Баравік, Уладзіслаў Урбан, Мікіта Марук, Максім Гародка, Аляксей Шалесны – спартсмены  Казлоўшчынскай СШ; Юрый Мікульскі, Андрэй Сямёнаў, Максім Кароль – выхаванцы Вензавецкай СШ; Андрэй Зуеў, Уладзіслаў Штэйзель, Тарас Казачок – выхаванцы  Гезгалаўскай СШ; Аляксей Кастусік і Дзяніс Марук – спартсмены Дварэцкай СШ і Андрэй Муха – выхаванец гімназія №1 горада Дзятлава.

На групавым этапе спаборніцтваў каманда Дзятлаўскага раёна з лікам 5:0 перамагла зборную каманду Свіслацкага раёна. Унічыю дзятлаўчане згулялі з камандай Ваўкавыскага раёна.

У першы дзень фінальнага этапу спаборніцтваў, якія праходзілі ў горадзе Масты, зборная каманда дзятлаўчан з лікам 3:1 перамагла каманду Іўеўскага раёна, у другім матчы дзятлаўчане саступілі камандзе Шчучынскага раёна з лікам 0:3.

У наступны дзень спаборніцтваў зборная каманда  Дзятлаўскага раёна з лікам 1:0 атрымала перамогу над футбалістамі з Карэліч.

Ва ўпартай барацьбе за “бронзу” з лікам 1:0 дзятлаўчане перамаглі гаспадароў пляцоўкі – зборную каманду Мастоўскага раёна.

Па выніках спаборніцтваў  першынства вобласці па футболе пераможцамі і ўладальнікамі залатых медалёў стала зборная каманда Смаргонскага раёна, сярэбраныя прызёры – каманда Шчучынскага раёна, трэцяе месца і бронзавыя медалі атрымала зборная каманда Дзятлаўшчыны.

Рашэннем судзейскай калегіі лепшым нападаючым прызнаны Юрый Мікульскі, лепшым варатаром стаў Максім Баравік.

Рыхтуе зборную каманду Дзятлаўскага раёна да спаборніцтваў інструктар-метадыст Дзятлаўскага ФСК Аляксандр Белавус.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ