“Зарніца”: каманднае адзінства – крок да перамогі

Важнае Свежыя навіны Спорт і турызм

Напярэдадні Дня Перамогі на стадыёне “Колас” у Дзятлаве прайшла традыцыйная раённая патрыятычная ваенна-спартыўная гульня “Зарніца”.

Прыняць удзел у мерапрыемстве і паспаборнічаць за званне самых лепшых прыехалі 13 школ раёна.

Гульня сабрала на спартыўнай пляцоўцы каля 110 удзельнікаў . Гэта школьнікі ва ўзросце 11-14 гадоў. Амаль кожная школа прадаставіла каманду ў складзе 7 чалавек, куды ўвайшлі і юнакі, і дзяўчаты. Удзельнікі мелі адзіную форму з эмблемай каманды.

Са словамі прывітання на адкрыцці спаборніцтваў да ўдзельнікаў гульні звярнуліся метадыст аддзела адукацыі Наталля Пазняк і начальнік групы тэрытарыяльнай абароны ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Аляксандр Бургун.

Праграма мерапрыемства ўключала ў сябе традыцыйны агляд строю і песні “Аты-баты, ішлі салдаты з песняй на парад”. Маршыроўку пачалі з каманды “смірна!” . Тут увазе былі прадстаўлены ваенная выпраўка падлеткаў, камандная дысцыпліна, страявая падрыхтоўка, уменне зладжана маршыраваць у калоне, правільнасць і дакладнасць выканання камандных загадаў.

Другім спаборніцтвам стаў турнір інтэлектуалаў “Старонкі гісторыі Айчыны”. Арганізатары сустрэчы прапанавалі камандам прыняць актыўны ўдзел у разумовым спаборніцтве, удзельнікі якога змаглі прадэманстраваць свае веды пра асноўныя падзеі ваеннага часу.

Творчы конкурс ваенна-патрыятычных песень “З іскрай у душы і верай у перамогу” праходзіў у актавай зале сярэдняй школы № 1. Тут свае здольнасці паказалі вакалісты і танцоры, якія стараліся ўжыцца ў сцэнічныя вобразы ваеннага часу.

Адначасова праводзіліся спаборніцтвы “Да абароны Айчыны гатовы” на самага меткага стралка, якія складаліся са стральбы і бегу на штрафную дыстанцыю. Стойкасць, вынослівасць і імкненне да перамогі дапамаглі юнакам і дзяўчатам у гэтым спаборніцтве прыйсці да фінішу як мага хутчэй.

Напрыканцы спаборніцтваў суддзі падвялі канчатковыя вынікі гульні. Абсалютнай пераможцай “Зарніцы” стала каманда Новаяльнянскай сярэдняй школы, якая атрымала кубак і грамату Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” за першае месца. Узнагароду ім перадалі мінулагоднія пераможцы – каманда з Гезгалаўскай сярэдняй школы.

Віншуем пераможцаў!

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ



Теги: