Медыцына Дзятлаўшчыны: сучаснасць і рух наперад

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Наступным у развіцці аховы здароўя Дзятлаўскага раёна можна лiчыць этап, калі пры галоўным доктары Уладзіміру Латушку быу ўведзены ў эксплуатацыю ў 1989 годзе новы пяціпавярховы будынак бальніцы, дзе размясціліся аддзяленнi стацыянара.

З таго часу шмат чаго з’явілася ў медыцыне Дзятлаўшчыны.

Пры галоўным доктары Анатолію Шафарэвiчу ва ўстанове з’явіліся першыя камп’ютары, закуплялася сучаснае медыцынскае абсталяванне, пры Аляксандру Гайдзелю з’явіўся новы будынак Казлоўшчынскай гарадской бальніцы, аддзяленне рэанімацыі атрымала абноўленыя памяшканні ў галоўным корпусе бальніцы, адрамантаваны аперацыйны блок. Пры Віктару Кароткім скорая медыцынская дапамога пераехала ў асобны будынак, быў зроблены капітальны рамонт Дзятлаўскай паліклінікі, а Парэцкая амбулаторыя доктара агульнай практыкі перамясцілася ў новы адрамантаваны будынак.

Цяпер узначальвае Дзятлаўскую ЦРБ Марыя Максiмовiч:

– Работа нашай установы аховы здароўя накіравана на выкананне нарматыўных дакументаў Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, а таксама мерапрыемстваў, закладзеных у дзяржаўную праграму “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016-2020 гады, – расказвае Марыя Максімовіч. – Лячэбная сетка ўстановы прадстаўлена стацыянарамі на 216 ложкаў і амбулаторнай службай на 545 наведванняў у змену. У раёне працуюць цэнтральная раённая бальніца на 186 ложкаў з раённай паліклінікай на 300 наведванняў у змену, Казлоўшчынская гарадская бальніца з паліклінікай, Наваельнянская гарадская бальніца з паліклінікай, Гезгалаўская бальніца сястрынскага догляду. Па агульнаўрачэбным прынцыпе медыцынскую дапамогу аказваюць 4 амбулаторыі доктара агульнай практыкі. Функцыянуюць 20 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Штогод паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстановаў аховы здароўя Дзятлаўскага раёна, набываецца новае медыцынскае абсталяванне.

Сапраўды, за апошнія гады зроблена ў раённай сістэме аховы здароўя шмат. Найперш трэба сказаць пра мадэрнізацыю рэнтгенкабінета з мантажом новага абсталявання, якое дазволіла зменшыць прамянёвую нагрузку на тых, хто абследуецца, новы апарат выдае больш якасныя здымкі.

У Дзятлаўскую ЦРБ набыта шмат дыягнастычнага абсталявання. Да прыкладу, апараты маніторынгу артэрыяльнага ціску, якія адсочваюць стан пацыента на працягу сутак. З’явіліся новыя дэфібрылятары для хуткай дапамогі, набыты пульсаксіметры, інгалятары лекавых сродкаў, лабараторнае абсталяванне.

У раённай установе аховы здароўя ў красавіку 2018 года з’явіліся 2 новых ўльтрагукавых сканеры, якія дазваляюць з высокай дакладнасцю праводзіць дыягностыку розных органаў і сістэмаў арганізма.

Праводзяцца бягучыя рамонты, мадэрнізацыя падраздзяленняў. Працягваецца работа па правядзенні інфарматызацыі галіны. За кошт бюджэтных сродкаў набываюцца камп’ютары і прынтары. У раённай паліклініцы функцыянуе лакальная камп’ютарная сетка, падключана праграма “Электронны рэцэпт”. Можна запісацца на прыём да спецыялістаў раённай паліклінікі праз электронную рэгістратуру, якая знаходзіцца на сайце ўстановы.

Вядзецца тэлекансультаванне з абласнымі спецыялістамі.

Праца ў сферы аховы здароўя – гэта няспынная сувязь з людзьмі, таму на базе метадычнага кабінета працуюць гарачыя тэлефонныя лініі.

Яшчэ немалаважны факт, што забяспечанасць брыгадамі хуткай дапамогі ў Дзятлаўскім раёне складае 100 %.

Дарэчы, Дзятлаўская ЦРБ узнагароджана Дыпломам I ступені галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама ў штогадовым абласным аглядзе якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва па выніках дзейнасці ў 2017 годзе сярод установаў аховы здароўя раённага ўзроўню з колькасцю насельніцтва ў раёне да 30 тысяч чалавек.

Штогод да нас на працу прыходзяць маладыя спецыялісты з сярэдняй і вышэйшай медыцынскай адукацыяй. Работа з імі накіравана на тое, каб усе яны замацаваліся і засталіся працаваць у нашай арганізацыі. Таксама маладым спецыялістам прадастаўляецца жыллё, – дзеліцца галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ. – Ёсць у бальніцы свая добрая традыцыя: ушаноўваць маладых спецыялістаў і прысвячаць іх у прафесію ва ўрачыстай абстаноўцы.

Абнаўляецца калектыў, медыцынскія паслугі ў Дзятлаўскай ЦРБ паляпшаюцца і прагрэсуюць, каб павышаць якасць жыцця насельніцтва раёна.

Рух наперад для Дзятлаўскай ЦРБ – гэта аснова для таго, каб здароўе кожнага чалавека было моцным, а жыццё – доўгім.

Юлія БАКУНОВІЧ

 



Теги: