Медыцына Дзятлаўшчыны: погляд у мінулае

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Да векавога юбілею нацыянальнай сістэмы аховы здароўя стартуе цыкл матэрыялаў аб развіцці медыцыны на Дзятлаўшчыне.

Аб асноўных дасягненнях у гэтай сферы сёння прынята казаць у кантэксце інавацый і новых тэхналогій. Але шлях да гэтых вяршыняў заўсёды заснаваны на мінулым вопыце і распрацоўках папярэднікаў, таму дарэчы будзе ўзгадаць пра тое, якой была медыцына Дзятлаўшчыны некалькі дзясяткаў гадоў таму.

Пры польскім урадзе на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна не было ніводнай лячэбнай установы. Як правіла, аказаннем медыцынскай дапамогі займаліся прыватныя дактары і народныя знахары. У 1939 годзе, пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі, у Дзятлаве стала дзейнічаць бальніца на 40 ложкаў, медыцынскую дапамогу аказвалі 11 дактароў і 13 сярэдніх медработнікаў.

Таксама сваю работу ў раёне пачалі інфекцыйная бальніца, зубалячэбная амбулаторыя, у вёсцы Накрышкі адчыніла свае дзверы ўчастковая бальніца.

З’явіліся ўрачэбныя і зубалячэбныя амбулаторыі ў гарадскім пасёлку Наваельня, а ў вёсцы Ахонава – фельчарска-акушэрскі пункт. Усяго да 1941 года ў Дзятлаўскім раёне функцыянавала 4 бальніцы, 4 аптэкі, 4 ФАПы і 2 амбулаторыі.

У ваенны час, як успамінаюць жыхары раёна, медыцынская дапамога партызанам аказвалася ў доме на хутары Скрундзі доктарам Латушынскім. Створаны на тэрыторыі раёна партызанскі атрад меў патрэбу ў сваім шпіталі, і сувязны атрада Іосіф Філідовіч дапамог разгарнуць шпіталь на адным з астравоў сярод непраходнага балота.

У ліпені 1944 года ў выніку працяглых баёў Дзятлава было вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пачаўся перыяд аднаўлення гарадской гаспадаркі. Рашэннем кіраўніцтва раёна ў будынку былога маёнтка Радзівілаў адкрылася бальніца, у сувязі з чым замак значна змяніўся. Новую бальніцу ўзначаліў Іосіф Раковер і займаў пасаду галоўнага доктара да кастрычніка таго ж года.

Наступным галоўным доктарам Дзятлаўскай бальніцы стаў Мікалай Гулецкі. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён узначальваў грамадзянскую бальніцу ў Дзятлаве. Як расказваюць відавочцы, гэтая грамадзянская бальніца была вельмі беднай. Медыкі на чале з Мікалаем Гулецкім праяўлялі выключную знаходлівасць, ратуючы простых людзей. Гулецкі, будучы ў складзе камісіі па адборы рабочай сілы ў Германію, выратаваў вельмі многіх, акрамя таго, у бальніцы нярэдка лячыліся і хаваліся людзі з агнястрэльнымі ранамі.

Немцы і паліцыя часта правяралі бальніцу, паслугі там былі платныя: 15 марак у суткі каштавала тэрапія і 25 марак – хірургія (адна акупацыйная марка прыраўноўвалася да 10 савецкіх рублёў). Медыкаменты, якія адпраўляліся ў лес партызанам, набываліся рознымі шляхамі: “эканомілі” на багатых пацыентах, утойваліся, набываліся на чорным рынку. Мікалай Гулецкі змог выратаваць сваіх калегаў з лагера ваеннапалонных. Крыху пазней галоўны доктар Дзятлаўскай бальніцы быў вымушана зыміціраваць “рабаванне” ўстановы – гэта было патрэбна, каб забяспечыць партызан неабходнымі лекамі.

У пасляваенны час актыўна развівалася медыцына і за межамі горада. У 1944 годзе ў вёсках Міроўшчына, Ахонава, Азяраны, Жукоўшчына адкрыліся новыя ФАПы. У 1945 годзе першых пацыентаў прыняла Наваельнянская бальніца на 50 ложкаў, Парэцкая бальніца на 25 ложкаў, Лапушанскі ФАП.

У 1947 годзе лячэбная ўстанова была адкрыта ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына. З 1951 года пачалі працаваць больш за 20 ФАПаў і амбулаторый на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна. З 1953 года медыцынскую дапамогу стала аказваць Руда-Яварская ўчастковая бальніца. У 1970 годзе пачалі функцыянаваць Гезгалаўская амбулаторыя і Дварэцкая ўчастковая бальніца.

Хуткая медыцынская дапамога з’явілася ў раёне толькі ў 1957 годзе: працавалі тры фельчары, а брыгада была абсталявана адной машынай маркі “ПАЗ”.

Пазней, у 1971 годзе, адкрыліся пункты хуткай дапамогі ў гарпасёлку Наваельня і Казлоўшчына. Графік работы быў незвычайны: з 15 да 8 гадзін.  Толькі праз пяць гадоў гэтыя пункты сталі функцыянаваць кругласутачна.

З гадамі аўтабаза хуткай дапамогі папаўнялася і радыёфікавалася, стацыянарная рацыя была ўсталявана ў райбальніцы. У 1987 годзе служба хуткай дапамогі была пераведзена ў новую пабудаваную раённую бальніцу, у праекце якой было прадугледжана памяшканне для службы хуткай меддапамогі з пакоем адпачынку для доктара і вадзіцеляў.

Ужо ў 2002 годзе рашэннем Дзятлаўскага райвыканкама былі аб’яднаны тры пункты хуткай дапамогі пры Дзятлаўскім, праз яго ж праводзіўся прыём выклікаў. Такія абставіны паспрыялі набыццю камп’ютара для рэгістрацыі выклікаў, якія паступалі. Да 2005 года для работнікаў службы хуткай дапамогі былі пашыты 25 камплектаў форменнага адзення, таксама яны былі забяспечаны мабільнай сувяззю.

А хто кіраваў райбальніцай у час яе аднаўлення? У 1950-1957 гадах пост галоўнага доктара бальніцы займаў Андрэй Ляўкевіч, пасля – Генрых Купрыянчык. Каля 24 гадоў кіраваў бальніцай Уладзімір Латушка, пасля –  Анатоль Шафарэвіч. Галоўным доктарам ён быў 10 гадоў. Узначальваў бальніцу таксама Аляксандр Гайдзель. З 2010-га па 2015 год галоўным доктарам Дзятлаўскай ЦРБ з’яўляўся Віктар Кароткі.

Юлія БАКУНОВІЧ

Фота з архіваў Дзятлаўскай ЦРБ



Теги: