У сацыяльна-педагагічным цэнтры горада Дзятлава ў фармаце круглага стала прайшло чарговае пасяджэнне метадычнага аб’яднання прафесійных замяшчальных бацькоў па тэме “Асаблівасці ўнутрысямейных стасункаў, традыцый і сямейных святаў, якія спрыяюць камфортнаму жыццю дзіцяці ў сям’і”.
Удзел у сустрэчы прынялі 7 прыёмных бацькоў нашага раёна, якія паслухалі выступленні спецыялістаў, задалі ім пытанні, абмеркавалі жыццёвыя сітуацыі.
Варта зазначыць, што падобныя мерапрыемствы традыцыйныя для сацыяльна-педагагічнага цэнтра, таму што прыёмным дзецям патрэбны не толькі любоў і клопат, але і прафесійнае разуменне іх праблем. На сустрэчах расказваюць пра асаблівасці дзяцей, якія перажылі расстанне з кроўнымі бацькамі, абмяркоўваюць праблемы, якія могуць паўстаць у працэсе адаптацыі ў прыёмнай сям’і. Спецыялісты цэнтра вучаць замяшчальных бацькоў арыентавацца не толькі на пачуцці, але і выкарыстоўваць педагагічныя і псіхалагічныя прыёмы, аналізаваць, што стаіць за пэўнымі паводзінамі прыёмнага дзіцяці. Таксама тут можна атрымаць прававую кансультацыю, заручыцца падтрымкай спецыялістаў розных сфераў.
Начальнік аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама Вольга Бародзіч расказала пра асаблівасці рэалізацыі заканадаўства ў сферы сямейных адносінаў. Найбольшую зацікаўленасць выклікалі пытанні аб мінімальным дазволеным законам Рэспублікі Беларусь узросце ўступлення ў шлюб, магчымасці змены імя і прозвішча па жаданні чалавека.
Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская пагутарыла з прысутнымі аб удасканаленні работы па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Зазначыла, што на Дзятлаўшчыне функцыянуюць сем прыёмных сем’яў, адзін дзіцячы дом сямейнага тыпу, 23 апякунскія сям’і, на ўліку ў раёне знаходзяцца 45 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Таксама Алена Чайкоўская закранула праблемы ўзаемаадносінаў дзяцей, якія гадуюцца ў замяшчальных сем’ях, з равеснікамі, медыцынскага абслугоўвання такіх непаўналетніх, расказала аб іх поспехах у час удзелу ў алімпіядах і творчых конкурсах, патлумачыла магчымасці сацыяльнай падтрымкі замяшчальных сем’яў.
Педагог-псіхолаг цэнтра Алена Франюк расказала ўдзельнікам метадаб’яднання, што даверлівыя адносіны бацькоў з дзецьмі з’яўляюцца дзейсным метадам выхавання, патлумачыла, якім чынам іх лепш наладзіць, адказала на пытанні прысутных.
Наступным слова ўзяў педагог-псіхолаг цэнтра Аляксандр Гінэль. Ён пацікавіўся ў замяшчальных бацькоў, якія традыцыі яны падтрымліваюць у сваіх сем’ях, і зазначыў, што звычаі і традыцыі збліжаюць людзей, дапамагаюць умацоўваць унутрысямейныя адносіны.
Патрабаванні да правілаў пажарнай бяспекі ў прыёмных сем’ях і дзіцячым доме сямейнага тыпу нагадала інжынер па ахове працы аддзела адукацыі райвыканкама Марыя Маленчык.
Вынікі сустрэчы падвяла дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Ала Жэгалік, зазначыўшы, што замяшчальных бацькоў не пакідаюць сам на сам з праблемамі: наладжана пастаянная метадычная, прававая, сацыяльная падтрымка такіх сем’яў.
Заклікаем жыхароў Дзятлаўшчыны, якія адчуваюць, што здольны падарыць цяпло сямейных зносінаў дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, далучацца да калектыву прафесійных замяшчальных бацькоў. Зрабіць гэта можна, звярнуўшыся ў аддзел адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама (вул. Чапаева, д.18 / 1, тэлефон 2-23-71), а таксама ў сацыяльна-педагагічны цэнтр г. Дзятлава (вул. Кутузава, д. 3, тэлефоны: 2-71-18, 6-15-25). На пытанні адкажуць галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Анатольеўна Чайкоўская, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Ала Аркадзьеўна Жэгалік.
Ірына КАЎКЕЛЬ