Смакуем родную мову

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Да Міжнароднага дня роднай мовы ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №2 горада Дзятлава прайшоў тыдзень роднай мовы.

Усе размаўлялі па-беларуску. Каб бацькам выхаванцаў было лягчэй знаходзіць словы пры гутарцы, на стэндах прапанаваліся падказкі “Ветлівыя словы”, “Апранайся па-беларуску”, “Смачныя стравы”.

У фае былі аформлены пазнавальна-тэматычныя выставы “Пазнаём Беларусь”, “Запрашаем у атэлье”, “Ільняныя лялькі”. Для азнаямлення з дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам размясцілі фотаэкспазіцыі “Вырабы з ільну”, “Вырабы з гліны”.

Каб бліжэй пазнаёміцца са знакамітымі людзьмі малой радзімы, выхваванцы 4-6 гадоў наведалі гарадскі музей. Дзеці ўбачылі выставу работ мастака-кераміста, скульптара Мікалая Несцярэўскага. Яны даведаліся, што работы нашага земляка знаходзяцца ў музеях гарадоў Мінска, Гродна, Валгаграда.

Як працяг музейнай экскурсіі рэалізоўваўся пазнавальна-творчы праект “Сакрэты гліны” з выхаванцамі 5-6 гадоў. Гэта дазволіла дзецям бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй ганчарства, асаблівасцям працы дарослых па вырабе прадметаў з гліны. У выніку праекта была распрацавана серыя дыдактычных гульняў-лато “Расліны Беларусі”, “Мастацкія вырабы”, “Гонар Беларусі”, разам з выхаванцамі вырабілі з гліны медальёны з выявамі казачных персанажаў.

Бацькі ўдзельнічалі ў пазнавальнай акцыі “Сэлфі па-беларуску”, дзе разам з дзецьмі рабілі фотаздымкі ў родным горадзе, іншых кутках Беларусі, на выставах, у музеях. Таксама сем’і прапанавалі віртуальныя фотаздымкі “Хачу ў Белавежскую пушчу”, “Пагляджу на возера Нарач”, “Запрашаем у санаторый “Радон”.

Цікава і змястоўна прайшоў тыдзень роднай мовы.

Марына ЯНУШКЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДЦРД №2



Теги: