26 красавіка 2019 года спаўняецца 33 гады з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
У памяць аб гэтай трагедыі ў нашым раёне ладзяцца мерапрыемствы, якія закліканы ўзнавіць і захаваць звесткі аб гэтым часе.
Чарговае пасяджэнне ўдзельнікаў клуба “Познай-ка”, які працуе на базе аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей, пад назвай “Чарнобыль. Памяць і боль” прайшло ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Гасцямі сустрэчы сталі таксама наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык”.
“Вайна агню” або “вогненная катастрофа” – такімі словамі ахарактарызавалі магутнейшую тэхнагенную катастрофу ХХ стагоддзя ўдзельнікі клуба.
Аб прычынах, якія прывялі да трагедыі, аперацыях па ліквідацыі аварыі, ліквідатарах і маштабнасці тэхнагеннай катастрофы, яе наступствах расказаў краязнаўца Міхаіл Лук’янчык. Сваё выступленне ён падмацаваў фотаздымкамі.
У ходзе пасяджэння ўдзельнікі клуба падзяліліся ўспамінамі родных і знаёмых, якія знаходзіліся ў зоне рэактыўнага забруджвання, а таксама ўзгадалі аповеды ліквідатараў катастрофы. Асаблівую зацікаўленасць выклікала гісторыя жыхаркі горада Дзятлава Марыі Касіла. Яе муж Віктар быў сярод тых, хто, не шкадуючы ўласнага здароўя і жыцця, прымаў удзел у ліквідацыі аварыі. Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі пасяджэння выказалі ліквідатарам аварыі на ЧАЭС удзячнасць за іх подзвіг, ушанавалі хвілінай маўчання памяць аб загінулых.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ