Перамога – сімвал мудрасці і мужнасці

Грамадства Свежыя навіны

У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна прайшла чарговая сустрэча ўдзельнікаў клуба “Познай-ка”, які працуе на базе аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей.

На гэты раз яна ладзілася ў фармаце круглага стала і была прымеркавана да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Наведвальнікі “Познай-ки” на чале са спецыялістам аддзялення Аленай Якаўчык абмеркавалі тэму “Перамога – сімвал мудрасці і мужнасці”. У вядучыя круглага стала заклікалі самага дасведчанага – краязнаўцу Міхаіла Лук’янчыка, які шмат гадоў займаецца пошукава-даследчай дзейнасцю, вывучае гісторыю роднага краю.

Міхаіл Іванавіч прапанаваў прысутным паразважаць над актуальнымі пытаннямі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, больш падрабязна спыняючыся на падзеях, якія адбываліся на Дзятлаўшчыне.

Ці дастаткова інфармацыі мы паспелі даведацца ад жывых сведкаў вайны за 75 мірных гадоў? У нашым раёне ўсё менш застаецца тых, хто можа расказаць пра такія падзеі. Цяпер на Дзятлаўшчыне жывуць восем ветэранаў і прыроўненых да іх удзельнікаў вайны, 30 вязняў нямецкіх канцлагераў. А ці часта мы ўспамінаем пра тых, каго з намі няма?

Міхаіл Іванавіч расказаў пра сайты, дзе можна адшукаць звесткі аб месцы пахавання родных і блізкіх, загінулых у час Вялікай Айчыннай вайны, узгадаў самыя значныя бітвы, што паўплывалі на ход вайны, паразважаў аб стратах савецкай арміі, знішчэнні мірнага насельніцтва. Удзельнікі клуба таксама ўспаміналі мінулае, расказвалі сямейныя гісторыя, звязаныя з вайной.

У нашым раёне яшчэ ёсць неўстаноўленыя месцы пахавання савецкіх і нямецкіх салдат. Час ад часу да нас прыязджаюць ваенныя пошукавыя атрады, адзін з іх збіраецца на Дзятлаўшчыну гэтым летам. Магчыма, стануць вядомыя новыя цікавыя факты аб мінулым.

А вось сапраўдным артэфактам, які можна было патрымаць у руках і пачытаць у час сустрэчы, стала копія перадавіцы газеты “Чырвонаармейская праўда” за сераду 9 мая 1945 года з надрукаваным актам аб ваеннай капітуляцыі Германіі.

Падводзячы вынікі круглага стала, яго ўдзельнікі сышліся на думцы, што нам яшчэ многае невядома аб лёсах землякоў і суайчыннікаў, тым не менш, ад іх нам у спадчыну дасталася адна на ўсіх Перамога, мірнае неба над галавой. Наш абавязак – захоўваць і шанаваць памяць аб мінулым.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Теги: