Прафсаюз – надзейны памочнік

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Старшыня Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Андрэй Сатараў расказаў аб выніках працы і пастаўленых задачах на год.

Першага мая для прафсаюзаў – гэта дзень, калі падводзяцца вынікі зробленага за працоўны год. Якія яны ў раённых прафсаюзаў?

– Спецыфіка нашай працы шматгранная: гэта выкананне Пагаднення з Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэтам і наймальнікамі раёна, праца з калектыўнымі дагаворамі арганізацый і прывядзенне іх у адпаведнасць з нормамі Генеральнага, абласнога і раённага Пагаднення, маніторынг праблемных пытанняў у галіне аплаты працы, занятасці, сацыяльных гарантый, цэнаў, аховы працы.

У студзені 2019 года падпісана новае Пагадненне паміж Дзятлаўскім райвыканкамам і раённым аб’яднаннем прафсаюзаў. У яго было ўнесена дваццаць дапаўненняў, якія палепшаць становішча работнікаў.

У маі 2018 года ў 14 арганізацыях раёна праведзены маніторынг па ахове працы рэйдавай групай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), па выніках якога выдадзена 12 рэкамендацый на ліквідацыю 118 выяўленых парушэнняў заканадаўчых актаў аб ахове працы. Вынікі працы рэйдавай групы разгледжаны на семінары, які быў праведзены пасля заканчэння маніторынгу, а таксама на раённай камісіі па прафілактыцы вытворчага траўматызму пры Дзятлаўскім райвыканкаме. Такі ж маніторынг пройдзе ў маі 2019 года.

Кожны апошні чацвер месяца ў нашым раёне праходзяць прававыя прыёмы. Раскажыце, якія праблемы хвалююць жыхароў нашага горада?

– У 2018 годзе у час правядзення прыёмаў да нас звярнулася 28 чалавек. Людзей хвалююць розныя праблемы, але найбольш вострыя з іх – аптымізацыя колькасці работнікаў прадпрыемства, прадленне кантрактаў, прадастаўленне водпускаў. На ўсе пытанні спецыялісты былі далі адказы.

Аналіз зместу зваротаў паказвае, што асноўная колькасць людзей звяртаецца па прававых пытання, якія закранаюць працоўную дзейнасць грамадзян, другімі па актуальнасці з’яўляюцца пытанні прымянення жыллёвага заканадаўства, трэцімі – пенсійнага.

Якімі важнымі для прафсаюзнага руху краіны падзеямі быў мінула год?

– У 2018 годзе адным з важнейшых пытанняў для нас, безумоўна, была работа над законапраектам Працоўнага кодэкса. У яго было ўнесена каля 40 прапановаў. Усе яны сфарміраваны на аснове тых запытаў і праблем, з якімі да нас звяртаюцца члены прафсаюза і працоўныя калектывы.

Яшчэ адна важная падзея канца 2018 года – падпісанне Генеральнага пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў на 2019-2021 гады. Наогул, 2019 год асабліва адказны для прафсаюзнага руху ўсёй краіны. Ва ўсіх пярвічных арганізацыях праходзяць сходы ў працоўных калектывах.

З мая 2017 года ФПБ праводзіць “народны” маніторынг цэн на сацыяльна значныя тавары і паслугі. Раскажыце аб выніках гэтай работы.

– “Народным” маніторынгам ахоплены 274 магазіны ва ўсіх рэгіёнах краіны. Цэны правяраюць на 98 найменняў прадуктаў. Акрамя прадуктаў харчавання, пад кантролем спецыялістаў ФПБ цэны на адзенне, бялізну, абутак, медыкаменты. Інфармацыя аналізуецца не толькі на прадмет росту або зніжэння цэн на асобныя катэгорыі тавараў, але і ў параўнанні з сярэднім даходам насельніцтва таго ці іншага рэгіёна.

28 красавіка адзначаецца Сусветны дзень аховы працы. Відавочна, што прафсаюзы шмат робяць у гэтым кірунку.

– Пытанне аховы працы – адно з асноўных у дзейнасці прафсаюзаў. Толькі за 2018 год прафсаюзамі выяўлена больш за 64 тысячы парушэнняў патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы. У мінулым годзе ў арганізацыях рэспублікі ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці загінулі 144 работнікі, што на 29 чалавек больш, чым у 2017 годзе, 700 чалавек атрымалі цяжкія вытворчыя траўмы,  у Дзятлаўскім раёне – два чалавекі. Штогод прафсаюзамі праводзіцца маніторынг па захаванні нормаў і правілаў аховы працы пры правядзенні пасяўной кампаніі.

Што пажадаеце дзятлаўчанам напярэдадні свята працы?

– Шчыра віншую ўсіх з Першамаем. Няхай ваша праца будзе ацэнена дастойна. Мірнага неба і поспехаў у справах.

Таццяна ГРЫЦУК



Теги: