Прафсаюзная работа шматгранная

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

У Дзятлаве прайшло пасяджэнне Савета раённага аб’яднання прафсаюзаў. Удзел у ім прынялі старшыні раённых і пярвічных прафсаюзных арганізацый, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксей Якаўчык, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Андрэй Кардаш.

На парадак дня было вынесена пытанне аб выкананні Комплексу мер па рэалізацыі ў сістэме Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі асноўных палажэнняў і праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады.

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Андрэй Сатараў у сваім выступленні адзначыў, што спецыфіка прафсаюзнай работы шматгранная: гэта выкананне Пагаднення з Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэтам і наймальнікамі раёна, работа з калектыўнымі дагаворамі арганізацый, маніторынг праблемных пытанняў у галіне аплаты працы, занятасці, сацыяльных гарантый, цэн, аховы працы, супрацоўніцтва з ветэранамі і моладдзю. Адзін з асноўных накірункаў дзейнасці прафсаюзаў – прававая абарона. Гэта дапамога ў судовых пасяджэннях, аднаўленне на працоўных месцах, вяртанне недаплачанага ўзнагароджання за працу.

На пасяджэнні выступілі таксама старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый цэнтральнай раённай бальніцы Валерый Макарчык, Наваельнянскай сярэдняй школы Святлана Навагран, ААТ “Лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” Таісія Савіч. Яны расказалі аб рабоце сваіх пярвічных прафсаюзных арганізацый, выкананні Комплексу мер, Калектыўных дагавораў. З выступленняў было зразумела, што вялікая ўвага ва ўсіх арганізацыях надаецца ахове працы, здароваму ладу жыцця, паляпшэнню ўмоваў працы, павышаная ўвага – работнікам-ветэранам і маладым спецыялістам. Асабліва цікава было паслухаць аб тым, як наладжана культурна-масавая і аздараўленчая работа на заводзе “Алгонь”.

Андрэй Кардаш расказаў аб асноўных напрамках дзейнасці Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, аб саветах па працоўных і сацыяльных пытаннях, неабходнасці экспертызы пры заключэнні Калектыўных дагавораў. Звярнуў увагу на тое, што павінна быць на прафсаюзным стэндзе, на работу па зваротах грамадзян, кантрактную форму найму, выязныя прыёмы грамадзян і іншыя пытанні.

Напрыканцы сходу адзінагалосна была прынята пастанова Савета Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў па асноўным пытанні парадку дня.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ